Сусветна вядомыя джазавікі De-Phazz плануюць сумесны праект з Русяй

На закрыцці фестывалю "Джаз Кактэбель-2010", які днямі прайшоў на крымскім узбярэжжы, усім музыкам было прапанавана паўдзельнічаць у агульным шматгадзінным джэм-сэйшане (сумесная музычная сесія розных, а часам, незнаёмых музыкаў, якія выконваецца без пэўных дамоўленасцяў і падрыхтовак).

Менавіта ў гэты час Русі і давялося паімправізаваць разам з франтмэнам De-Phazz Карлам Фрыерсанам. Як распавёў Еўрарадыё сам музыка, ён быў проста ў захапленні і ў пэўны момант нават адчуў сябе ў космасе:

Карл Фрыерсан: "Я быў сапраўды ўражаны якасцю і музычнасцю. Ведаеце, падчас джэма з Русяй нашы душы нібыта зліліся ў адну. Музыкі ўнеслі свае пачуцці, я ўнёс свае і ў выніку атрымалася адно цэлае. Мы былі на сцэне камандай".

Карл дадаў, што ён разважае над магчымасцямі прыцягнуць Русю да сумеснай працы

Карл Фрыерсан: "Мы размаўлялі, што ў будучым зробім нешта разам. Вы ведаеце, я ўжо супрацоўнічаў з украінскімі гуртамі, я пісаў ім песні, мы выступалі на фестывалях. Таму я думаю, што супрацоўніцтва цалкам верагодна, і ў 2011-м годзе мы зробім што-небудзь разам".

Што ж датычыцца іншых беларускіх выступоўцаў "Джаз Кактэбеля-2010", то пакуль пра новыя гучныя праекты ніякіх паведамленняў не паступала. Але арганізатары засталіся задаволенымі выступам іншых беларускіх музыкаў, і паводле слоў гаспадаркі фэсту Ліліі Млінарыч, не выключана што іх запросяць яшчэ раз:

Лілія Млінарыч: "Зразумела, што нічога не выключана. Мы ж прыслухоўваемся да нашай фестывальнай публікі, а беларусы сёлета былі ўпрыгажэннем нашага свята".

Нагадаем, што міжнародны фестываль "Джаз Кактэбель" штогод праходзіць на ўзбярэжжы перад Домам-музеем мастака і пісьменніка Максіміліяна Валошына і збірае на сваёй сцэне лепшых прадстаўнікоў актуальнай джазавай і альтэрнатыўнай імправізацыйнай музыкі. У гэтым годзе беларусь прадстаўлялі "Аддис Аббеба", "Серебрянная Свадьба" і CherryVata Crew & Руся.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі