У Беларусі ад даваеннага мільёну засталося 13 тысяч габрэяў

111109 KazakS.mp3

Кузьма Козак: “Крыштальная” ноч увайшла ў гісторыю тым, што адбыліся забойствы габрэяў у Германіі. Гэтая з’ява адразу распаўсюдзілася і ў Аўстрыю, і ў іншыя рэгіёны, і пачалася выпрацоўка адносінаў да габрэйскай нацыі. Ствараюцца першыя канцлагеры Дахаў, Бухенвальд, затым раскінулася цэлая сетка. Гэта перарасло ў масавае забойства, якое было абазначанае такой падзеяй як Ванзейская канферэнцыя, калі ўвогуле было вырашана канчаткова габрэйскае пытанне: нацыя павінна была знікнуць.

Еўрарадыё: Сёння міжнародны дзень барацьбы з фашызмам і антысемітызмам.  Ці памятаюць беларусы пра гэты дзень, і як у Беларусі адзначаецца гэтая дата?


Кузьма Козак: Сказаць пра ўсіх беларусаў вельмі цяжка. А што датычыцца Гістарычнай майстэрні, то ўжо пяты год мы адзначаем гэтую падзею. У мінулыя гады прыходзілі маладыя хлопцы, якія называюць сябе антыфашыстамі. Яны збіраліся, распавядалі пра падзеі ў Германіі, адбывалася дыскусія. Сёлета мы хочам у доме, дзе месціцца Гістарычная майстэрня (падчас вайны ён знаходзіўся ў гета) сустрэцца з гісторыкамі-архівістамі Беларускага дзяржаўнага універсітэту. А палове на другую распачнецца прэзентацыя новай кнігі Анны Мачыз, якая была вязнем Мінскага гета і яшчэ ў 1943 годзе напісала пра тое, што адчувала.

Пазней адбудзецца прэзентацыя навуковага штогодніка“Цайтшрыфт”. А ўвечары будзе адукацыйная праграма. Такім чынам, дом на тэрыторыі былога мінскага гета напоўніцца ўспамінамі пра падзеі часоў Другой сусветнай вайны. Варта дадаць, што акурат 8 лістапада 1941 года першы эшэлон з Гамбургу з габрэямі быў накіраваны ў Мінск. Ён прыбыў 10 лістапада. Гэта былі першыя габрэі з Германіі, якія спачатку рассяліліся вуліцах Сухая, Абутковая, Рэспубліканская. Затым да іх далучацца габрэі з Аўстрыі, Чэхіі. Да канца 1941 года тут збярэцца каля 8 тысяч чалавек, усе яны загінуць. 

Еўрарадыё: Зараз адносіны да габрэяў у Еўропе карэнным чынам змяніліся. А ў Беларусі?


Кузьма Козак: У Мінску была вуліца Яўрэйская. Каля ста тысяч чалавек, кожны трэці мінчук быў габрэем. Высокая культура панавала і ў Мінску, і ва ўсёй Беларусі. У гады вайны сітуацыя змянілася, але ёсць пэўныя акалічнасці. У нашых суседзяў – у Польшчы, Украіне, Літве – мясцовае насельніцтва забівала габрэяў. У Мінску ў акупацыйных уладаў таксама было адчуванне, што грамадства вось-вось падымецца на масавыя акцыі супраць габрэяў. 7-8 лістапада ўпершыню адбылося масавае забойства, каля 10 тысяч габрэеў Мінску было забіта, але мясцовыя жыхары не мелі да яго дачынення, гэта зрабілі нацысцкія салдаты.

А ўвогуле Халакост быў вельмі цяжкім для Беларусі. З таго мільёна габрэяў, якія кампактна пражывалі і па-сяброўску жылі тут, 800 тысяч забіта. У Мінску з 80 тысяч засталося ў жывых 3-5 тысяч чалавек. А калі мы гаворым пра антысемітызм у шырокім сэнсе, стаўленне да габрэяў змянілася ў Еўропе, але іх не стала больш. У Беларусі ад даваеннага мільёна сёння засталося 13 тысяч габрэеў.

Еўрарадыё: А як магла б выглядаць мапа Бліжняга Усходу, калі б не было Халакосту і Другой сусветнай вайны? Ці існаваў бы Ізраіль?


Кузьма Козак: У Германіі жыло паўмільёны габрэяў, з іх палова выехала да 1939 года. Тыя, хто не паспеў – апынуліся ў тым ліку і тут, у Мінску. 26,5 тысяч было дэпартавала толькі ў Мінск. Гітлер знішчыў большую частку інтэлектуалаў. А той хто ад’язджаў у Палестыну, той пакідаў у Германіі і маёмасць, і грошы, і памяць. Але Другая сусветная вайна змяніла Еўропу.

Былая нацысцкая Германія сёння вельмі адкрытая краіна, і акурат з дапамогай Германіі існуе Гістарычная майстэрня. “Крыштальная” ноч паказала цёмны бок грамадства. Гэтай ноччу горшыя сілы знішчылі моцную частку чалавецтва. У Беларусі гэта адчуваецца да сённяшняга дня. Тут былі цалкам знішчаная габрэйская культура, мова, традыцыя. А пасля гадоў савецкага антысемітызму большую частку гэтай гісторыі вярнуць ужо немагчыма. Немагчыма нават узнавіць прозвішчы, бо знішчэнне было татальным. У Мінску засталося ў жывых сёння крыху больш за сто вязняў мінскага гета. І яны ўсе замоўклі пра тое, што яны бачылі. Дадам яшчэ, што культуралагізацыя гэтых падзеяў найбольш звязаная з нямецкімі грамадскімі ініцыятывамі і падтрымкай міжнароднага адукацыйнага цэнтра з Дортмунда. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі