У Беларусі раскрылі міжнародную злачынную групу
Яна незаконна вывозіла ў Еўрасаюз і іншыя дзяржавы мінеральныя ўгнаенні.
Гэтай справай займаецца КДБ. 6 красавіка ў пункце пропуску “Каменны лог” у Літву, паводле сфальшаваных дакументаў, хацелі вывезці болей за 200 тон угнаенняў. Затрыманыя арганізатары акцыі і актыўныя яе ўдзельнікі, у тым ліку два грамадзяніна Літвы.
Калійныя ўгнаенні выкрадаліся па загадзя распрацаванай схеме “з удзелам некаторых службовых асобаў”. У прыватнасці, угнаенні афармляліся для атрымання гаспадаркамі беларускага АПК і затым вывозіліся ў розныя раёны краіны. А для вывазу за межы Беларусі ўгнаенні афармляліся па фальшывых дакументах як груз, які належаў “Уралкалію”. Затым яго прадавалі ў краінах Еўрасаюза па 400-500 долараў за тону.
У склад злачыннай групы ўваходзілі беларусы, а таксама грамадзяне Расіі і Літвы, інфармуе БелаПАН са спасылкай на Цэнтр інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ.