У Брэсце “Белая Русь” падарыла дзецям з беларускага класа кніжкі
Кожнаму дасталося па дзве. Агулам атрымалі 10 кніжак.
У адзіным у Брэсце беларускамоўным 2Б класе школы №34 вучацца пяць дзетак. Маці аднаго са школьнікаў, Маргарыта Вялічкіна, сказала, што кніжкі спадабаліся. Адна — чытанка для 2-га класа на беларускай мове, другая — беларускі слоўнік.
Перад Новым годам кнігі падараваў дзецям дырэктар беларускай службы Радыё “Свабода” Аляксандр Лукашук, ураджэнец Брэста. Цяпер, мабыць, вось такі “падарунак у адказ” зрабіла праўладная арганізацыя. І гэта добра, мяркуе бацька вучня Уладзімір Вялічкін.
Акрамя кніжак дзеткам з беларускага класа дасталося па шакаладцы ад прафесуры ўніверсітэта імя Пушкіна. Надта спадабаўся і ім, і бацькам святочны канцэрт.
Фота — spring96.org