У Брэсцкай крэпасці сышліся магільныя пліты яўрэяў і немцаў
Пра гэта стала вядома на Круглым стале “Падземны Брэст”.
Круглы стол ладзіўся ў рэдакцыі газеты “Брестский курьер”. Падзяліўся інфармацыяй самадзейны гісторык і даследчык Дзмітрый Барадачэнкаў:
“Легендарны Усходні форт, ён жа форт Гаўрылава, ён жа Усходні рэд’юіт. Да мяне прыязджаюць госці з Польшчы, Прыбалтыкі, Расіі, Нямеччыны. Яны заходзяць туды, а там побач надмагіллі з яўрэйскіх і нямецкіх могілак. Дык немцы кажуць: вось, глядзіце, адвечныя ворагі сустрэліся. Усе там будзем”.
Яўрэйскія надмагіллі былі знойдзеныя тры гады таму назад пры рамонце адной з медычных устаноў. Імі быў замошчаны двор. У будынку ў вайну месцілася ўправа гестапа. Пліты перавезлі ў форт крэпасці на часовае захаванне. Ёсць рашэнне стварыць на месцы знесеных у вайну яўрэйскіх могілак памятны Лапідарый. З розных прычын яно пакуль не выконваецца.
Нямецкія надмагіллі таксама чакаюць усталявання. Наконт месца з уладамі вядзе перамовы Народны Саюз Нямеччыны па даглядзе за вайсковымі пахаваннямі.