У Бярозаўскім раёне паднялі казну літоўскага войска?
Медныя соліды 1664 года знайшлі ў другі раз.
Каля сотні манет з “Пагоняй” і выявай караля Яна Казіміра Вазы экскаватар падняў пры падрыхтоўцы тэрыторыі пад этнакомплекс “Наш родны кут Сабалі”. Краязнавец і мастак Анатоль Жалудко кажа, што ў яго бытнасць школьнікам дзеці адсюль з-пад каўша таксама кішэнямі насілі гэтыя манеты.
“Пры першай меліярацыі экскаватар выкінуў каля 600 манет. Нават паляжаўшы ў неспрыяльных умовах, яны добра захаваліся — як з-пад штампа выйшлі. Усе аднолькавыя, з аднаго года. Значыць, не былі ў абароце. І якраз у гэты час тут ішлі баявыя дзеянні. Сюды на аблогу Пінска ішлі казакі і расійскія войскі”, — сказаў спецыяліст.
Раней тут быў мост цераз раку на Віленскім тракце. Эксперты з Акадэміі навук засведчылі, што гэтыя соліды выбітыя ў Вільні. Яны мяркуюць, што найверагодней грошы везлі пінскаму гарнізону, але нейкім чынам казна ўпала ў раку. Гэта дазволіла ёй захавацца да нашых дзён і… зусім абясцэніцца.
Манеты аздобяць экспазіцыю этнаграфічнага музея, які спадар Жалудко зладзіў у роднай вёсцы і які ўвойдзе ў этнакомплекс “Наш родны кут Сабалі”.
Нагадаем, этнаграфічны турыстычны комплекс "Наш родны кут Сабалі" мае паўстаць да 2015 года. На 330 гектарах будуць пабудаваныя этнаграфічны музей, лыжаролерная траса ды аб’екты інфраструктуры. Каштарыс будоўлі складае 15 мільёнаў долараў. Грошы вылучыла холдынгавая кампанія “Трайпл”, якой кіруе Юрый Чыж.