У Гаазе пройдзе акцыя памяці Юрыя Захаранкі
7 траўня, у дванаццатыя ўгодкі знікнення Юрыя Захаранкі, у Нідэрландах адбудзецца акцыя яго памяці, якая пройдзе каля будынка Міжнароднага суда ў Гаазе.
Экс-міністр унутраных спраў, генерал міліцыі Юры Захаранка быў выкрадзены ўвечары 7 траўня 1999 года непадалёк ад уласнай кватэры.
За некалькі гадоў да выкрадання Захаранка быў зняты з пасады Міністра Ўнутраных спраў. Звальненне паважанага ў асяроддзі калегаў афіцэра звязваюць з грамадзянскай пазіцыяй Захаранкі ў адносінах да Лукашэнкі і яго найбліжэйшага асяроддзя.
Следчыя пракуратуры, якія займаліся справай Захаранкі, Петрушкевіч і Случак пасля выяўлення шэрагу фактаў, былі змушаны шукаць прытулку за межамі Беларусі і апублікавалі сенсацыйныя матэрыялы, што сведчаць пра існаванне ў рэспубліцы "эскадрона смерці" — пастаўленай над законам сілавой структуры, створанай кіруючым рэжымам для фізічнага ўхілення іншадумцаў. Менавіта чальцоў "эскадрона смерці" Петрушкевіч і Случак лічаць датычнымі да выкрадання Юрыя Захаранкі, паведамляе прэс-служба CIWR.ORG.