У Гомелі асудзілі групу міліцыянтаў і працаўнікоў мясакамбінату
Агулам па справе, якую разглядаў Гомельскі абласны суд, праходзілі 29 чалавек.
На лаве падсудных апынуліся былы гендырэктар прадспрыемства, яго намеснікі, дырэктары цэхаў, эканамісты, рабочыя і трое праваахоўнікаў. Як паведамляе БелаПАН, яны ўваходзілі ў арганізаваную групу, якая з 2004-га да 2009 года займалася крадзяжамі прадукцыі мясакамбіната пры парушэнні тэхналогіі, што прыводзіла да пагаршэння яе якасці. Страты ацэньваліся ў памеры 263 млн рублёў.
Былы гендырэктар асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Іншыя працаўнікі прадпрыемства былі асуджаныя на тэрміны ад 3 да 7,5 гадоў зняволення, група працаўнікоў (грузчыкі, майстры, кладаўшчыкі і інш.) атрымала абмежаванне волі тэрмінам ад 1,5 да 4 гадоў. Траіх працаўнікоў мясакамбіната апраўдалі, а трое патрапілі пад амністыю.
Міліцыянтаў пакаралі пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох з паловай да чатырох гадоў, а таксама штрафамі на 10 мільёнаў рублёў.
Фота — bymedia.net