У Гомелі на ўгодках унутраных войскаў нагадалі пра Алеся Бяляцкага (фота)
Сёння спаўняецца дзевяноста чатыры гады з дня заснавання ўнутраных войскаў краіны.
З гэтай нагоды на цэнтральнай плошчы горада была зладжана невялікая выстава спецтэхнікі міліцыі, а байцы спецназу прадэманстравалі сваю падтрыхтоўку ў паказальным выступе.
Так званай кульмінацыяй мерапрыемства стаў забег прадстаўнікоў унутраных войскаў, спартоўцаў і ўсіх ахвочых да ўдзелу ў ім на адлегласць у тысячу, пяць тысяч і дзесяць тысяч метраў. Да бегуноў на самую доўгую адлегласць далучыўся жыхар Маларыты Уладзімір Малей. Ён прайшоў усю дыстанцыю ў майцы з выявай і подпісам “Свабоду Алесю Бяляцкаму” і сцягам незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці.
Адлегласць у дзесяць тысяч метраў спадар Уладзімір адолеў за пяцьдзясят тры хвіліны сорак секунд. У размове з Еўрарадыё Уладзімір Малей адзначыў, што ніякіх заўваг з боку супрацоўнікаў міліцыі адносна знешняга выгляду і сцяга да яго не было. Пасля заканчэння забегу ён спакойна прагуляўся з кубкам гарбаты па плошчы і разам са сваёй групай падтрымкі сышоў.