У Маскве працягваюцца затрыманні апазіцыянераў
На гэты раз паліцыянты разагналі новы лагер, які абсталяваўся на Старым Арбаце каля помніка Булату Акуджаве.
У ім знаходзілася 30-40 чалавек.
Нагадаем, сёння ўначы і раніцай паліцыя правяла "зачыстку" ў лагерах апазіцыі на Кудрынскай плошчы і яшчэ ў трох кропках расійскай сталіцы, былі затрыманыя дзясяткі чалавек.
Як інфармуе svobodanews.ru, каля 12-й гадзіны па беларускім часе на Старым Арбаце было затрымана каля 10 чалавек (па іншых звестках — 5 чалавек), а сярод іх і карэспандэнт агенцтва "Франс Прэс". Аднак актывісты, якія застаюцца на свабодзе, не разыходзяцца.
Расійская апазіцыя пратэстуе ў форме "народных гулянняў" супраць дзейнай улады ад дня інаўгурацыі Уладзіміра Пуціна. Яна патрабуе вызвалення палітзняволеных і правядзення новых выбараў. Як мяркуецца, акцыі будуць працягвацца да 12 чэрвеня, калі ў Маскве мусіць прайсці чарговы масавы апазіцыйны марш.
Фота — svobodanews.ru