У Маскве затрыманыя Удальцоў, Яшын, Сабчак, Навальны
Іх затрымалі на Лубянскай плошчы пасля пачатку Марша свабоды.
Нагадаем, што расійская апазіцыя прызначыла на сёння вулічную акцыю. але не атрымала на яе дазвол уладаў. Як паведамляе ВВС, амапаўцы ледзь змаглі прабіцца да каардынатара "Левага фронту" Сяргея Удальцова, якога атачалі журналісты. Актывіста "Салідарнасці" Іллю Яшына і тэлевядоўцу Ксенію Сабчак затрымалі, калі яны ішлі ўскладаць кветкі да Салавецкага каменя.
Астатніх удзельнікаў акцыі паліцыя ўгаворвае спусціцца ў метро, нагадваючы, што акцыю не дазволілі, але сілай пакуль нікога не разганяе. Як паведамляюць СМІ, на акцыю сабралося некалькі соцень чалавек.
Дарэчы, у цэнтры Масквы ад самай раніцы прымаліся ўзмоцненыя меры бяспекі. Як падлічылі актывісты, Лубянскую плошчу атачаюць не менш за 100 паліцэйскіх аўтобусаў і легкавікоў. Каля дзвюх тысяч супрацоўнікаў праваахоўных органаў размясціліся ў наваколлях плошчы, у прыватнасці, з боку Лубянскага праезду.
Паводле афіцыйнага тлумачэння, лідараў апазіцыі затрымалі за заклікі да несанкцыяванай акцыі. Між тым, нагадвае ВВС, лідары апазіцыі напярэдадні заявілі, што нікога не заклікаюць ісці да Салавецкана каменя, але самі туды пойдуць — індывідуальна, без сцягоў і лозунгаў.
Фота — rbc.ru