У Паставах затрымлівалі настаўніц з улёткамі
Кандыдат у дэпутаты Віктар Цярэшчанка кажа, што супраць яго ўжываецца адміністрацыйны рэсурс і ён ужо блізка, каб "проста плюнуць і сыйсці".
Ні на адным са 104-х участкаў для галасавання да гэтага часу не вывешаная праграма кандыдата ў дэпутаты Віктара Цярэшчанкі (ён балатуецца па Шаркоўшчынскай выбарчай акрузе №29). Па сведчаннях людзей, ім забараняюць пад пагрозай звальнення прыходзіць на сустрэчы з кандыдатам, а яго давераных асобаў затрымліваюць без прычыны і складаюць пратаколы.
120917_ciareszczank.mp3
Віктар Цярэшчанка: “З боку Віцебскай вобласці дадзеныя наўпроставыя тэлефонныя ўказанні супрацоўнікам, да прыкладу, аддзелам унутраных спраў Шаркоўшчынскага, Браслаўскага і Пастаўскага раёнаў, іх падраздзяленням Дзяржаўтаінспекцыі аб прымяненні да Цярэшчанкі і яго давераных асобаў любага адміністрацыйнага пакарання праз пратаколы. Учора ў Паставах две настаўніцы ў межах дзеючага закона распаўсюджвалі ўлёткі. Іх затрымалі, трымалі тры гадзіны, склалі адміністрацыйны пратакол — “распаўсюд пікетам у неналежным месцы”. Я зусім блізка, каб проста плюнуць і сыйсці!”.
Такая сітуацыя, прызнаецца Еўрарадыё Віктар Цярэшчанка, набліжае яго да канчатковага рашэння аб зняцці з выбараў. Ён разгледзіць магчымасць свайго зняцця з выбараў 18 верасня, пасля сустрэчы з выбаршчыкамі.
Фота — bymedia.net