У Віцебску КДБ праводзіць ператрус у "Еўрапейскім клубе"
Каля 12.00 некалькі супрацоўнікаў КДБ прыйшлі з пастановай на ператрус у дом, дзе віцебскія актывісты ладзяць грамадскія імпрэзы.
Каля 12.00 некалькі супрацоўнікаў КДБ прыйшлі з пастановай на ператрус у дом №5 па вуліцы 1-й Сенненскай. У гэтым доме, дзе віцебскія актывісты ладзяць грамадскія імпрэзы, знаходзяцца Хрыстафор Жаляпаў, давераная асоба Аляксея Міхалевіча і віцебскі каардынатар "За Свабоду", а таксама актывіст руху Валеры Пятроў.
Спадар Жаляпаў да 11-й раніцы быў выкліканы на допыт у віцебскую абласную ўправу КДБ. Адтуль на службовай машыне яго прывезлі на ператрус: Хрыстафор Жаляпаў – уласнік прыватнага дома, дзе размясціўся "Еўрапейскі клуб". Там праводзяцца навучальныя семінары, сустрэчы з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі ды іншыя імпрэзы.
Што ў гэтым доме шукаюць супрацоўнікі КДБ – невядома, аднак ператрус праводзіцца, як напісана ў пастанове, у межах крымінальнай справы па факце масавых безпарадкаў 19 снежня ў Мінску, паведамляе "Радыё Свабода".