У Ждановічах з’явіцца музей Васіля Быкава
Музей адчыніцца ў Мінскім раёне на базе лецішча народнага пісьменніка Беларусі.
Адпаведнае даручэнне даў Аляксандр Лукашэнка, інфармуе БЕЛТА. У гэтых мэтах 27 ліпеня прынятая пастанова ўраду, у адпаведнасці з якой лецішча бясплатна перададзена Ірынай Міхайлаўнай Быкавай ва ўласнасць дзяржавы.
Музей ствараецца як філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Цягам 2012–2014 гадоў будзе праведзены капітальны рамонт лецішча Васіля Быкава з яго прыстасаваннем пад музейную ўстанову, а таксама будзе добраўпарадкаваная прылеглая тэрыторыя, створаныя камфортныя ўмовы для наведнікаў.
Адначасова па даручэнні Лукашэнкі супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры вядуць навуковую апрацоўку архіва Васіля Быкава і асабістых рэчаў пісьменніка, якія знаходзяцца ў яго кватэры і на лецішчы. Гэтыя прадметы і дакументы складуць аснову экспазіцыі музея пісьменніка, стварэнне якой плануецца ажыццявіць у 2013–2014 гадах.