Удзельнік разагнанага "Батан-паці": Мы не можам адказваць за ўсіх, хто быў
Наступную вечарыну ў “амерыканскім стылі” арганізатары хочуць правесці разам з міліцыяй.
Квіток на “Батан-паці” на Дзень студэнта, якую разагнаў АМАП, каштаваў да 150 тысяч рублёў. Каб атрымаць квіток, ён жа флаер, трэба было аддаць грошы арганізатарам, а перад гэтым запісацца на вечарыну.
Хлопцы ў строях батанікаў, дзяўчаты апранутыя пад разбэшчаных школьніц і шмат алкаголю. Чым не Дзень студэнта, але адзін з удзельнікаў, Макс, сустрэў на ўваходзе міліцыю.
Вечарына да прыезду міліцыі
Макс: “Да сценкі паставілі. Проста нехта пранёс траву. З сотні чалавек — мы не можам адказваць за ўсіх”.
І запэўнівае, што пра траву нічога не ведаў, а першая “амерыканская вечарына” на Хэлоўін прайшла ўдала.
Макс: “Тады мы паехалі на катэдж. Усе пісалі, давайце яшчэ збяромся. Гэта не “закрытыя вечарыны”, як гаварылася. Проста вялікая кампанія сяброў і знаёмых. Прыйсці можа кожны, хто захоча”.
Нічога дрэннага ў “Батан-паці” не ўбачыў і персанал аздараўляльнага цэнтру “Арляня”, дзе праходзіў нашумелы Дзень студэнта. Наркотыкаў не заўважылі....
“Як трэба вартаўнік там глядзеў, гаварыў з усімі. Там усё нармальна было, прыгожа. А што там наркотыкі будуць, мы не ведалі і ўявіць не маглі”, — расказваюць у аздараўляльным цэнтры.
Вечарына на пачатку
Прыпыняць такія вечарыны студэнты не збіраюцца, а на наступную хочуць запрасіць… міліцыю. І раяць праваахоўнікам найчасцей зазіраць у звычайныя дыскаклубы.
“Усё будзе толькі афіцыйна, няхай лепш на ўваходзе два міліцыянты стаяць, чым пасля іх цэлы аўтобус прыедзе”, — паведамляюць арганізатары на старонцы Вконтакте.
Ва Упраўленні МУС па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Брэсцкай вобласці гавораць, што на дыскатэкі зазіраюць штомесяц:
“За год на дыскатэцы, каб у кагосьці былі наркотыкі, два такія выпадкі па ўсёй вобласці звычайна. Гэта гісторыя ў “Арляняці” — рэдкасць”.
І дадаюць, што з міліцыяй можна дамовіцца, каб праваахоўнікі даглядалі ўсіх, хто прыходзіць на дыскатэку.
У Брэсцкай міліцыі ўжо кажуць пра адну крымінальную справу па матывах той студэнцкай вечарыны:
“…Бо экспертыза гатовая толькі па адным факце, пакуль. Гэта за захоўванне і збыт наркотыкаў. Бо пры асабістым даглядзе там былі знойдзеныя наркатычныя сродкі”.
Падазраваны ў незаконным абарачэнні наркотыкаў — беспрацоўны 23-гадовы жыхар Брэста. У яго ў кішэні знайшлі амаль 2 грамы гашышу.
Паводле міліцыі, шэсць удзельнікаў вечарыны “Батан-паці” ўжывалі наркотыкі. Усяго на дыскатэцы было блізу сотні чалавек. Большая частка — студэнты.
Запасы алкаголю на "Батан-паці"
Фота: vk.com