Уладзімір Някляеў адказаў на выпады Аляксандра Лукашэнкі

Сёння падчас прэс-канферэнцыі Лукашэнка згадаў Някляева і сказаў, што той 19 снежня хаваўся ў лякарні пад коўдрай. 


Еўрарадыё: Які вы можаце пракаментаваць  такую заяву?


Някляеў: “Я не збіраюся спрачацца з Лукашэнкам на такога кшталту тэмы. Лепш не тэарытычным шляхам такога кшталту вырашаць спрэчкі, а эмпірычным. Няхай Лукашэнка (яму гэта няцяжка) пакліча тое спецпадраздяленне, тых хлопцаў з дубінкамі, няхай адзін з тых хлопцаў, гэтаксама як мне, два разы шандарахне па галаве і тады пабачым, пад якую коўдру ён схаваецца ці ён пабяжыць у сваю рэзідэнцыю, нібыта нічога не адбылося, кіраваць краінай і шукаць трыльён грошай, каб пабудаваць у нас новае шчаслівае грамадства. 
Цынізм рыторыкі ў адносінах да мяне я яшчэ перажыву. Але тое, што ён кажа пра тых хлопцаў, палітвязняў, якіх ён пасадзіў у турмы, тое, як ён абыходзіцца зараз з імі, з іх роднымі, не даючы ім спатканняў, тое, што там ёсць людзі, як Буланаў, якія знаходзяцца пад пагрозай смерці. Бо ў яго такая хвароба, ён можа сканаць у гэтай турме, яму трэба ў шпіталь, вось хай ён пра гэта падумае. Хай ён прабачэння папросіць у гэтых людзей і ўсяго беларускага народа, і ў Беларусі, якую ён давёў да таго, што лепшых дзяцей Беларусі збіваюць дубінкамі, а ён з гэтага цынічна насміхаецца”.


Еўрарадыё: Як вы можаце пракаментаваць гэтую прэс-канферэнцыю?


Някляеў: “Зараз цягнецца спроба ратаваць сябе, ратаваць уладу, ніхто не робіць рэальных крокаў для таго, каб пачаліся рэальныя рэформы і каб насамрэч нешта змянілася. Гуляюць у тое, каб самазахавацца. Мы зараз падлічылі з эканамістамі, што за час абвалу рубля гэтая улада - вось каго трэба біць па галаве – гэтае чынавенства, за гэтыя два месяцы накрала ў тры разы болей, чым нам трэба да стабілізацыі ці, ва ўсякім выпадку, для таго, каб вырашыць манетарную праблему крызісу. Вось пра што б я на ягоным месцы думаў”.


Еўрарадыё:  Ці лічыце вы па-ранейшаму вартым ісці на дыялог з уладамі?


Някляеў: “Нягледзячы на тое, што адбылося, нягледзячы на тое, што ён сказаў, усё адно трэба. Калі ты займаесся палітыкай, то трэба размаўляць са сваім апанентам, нават калі ён спрабуе махаць дубінкай”.


Еўрарадыё: Ці ёсць на сённяшні момант прыклады дыялогу ўлады і грамадскасці?


Някляеў: “Пакуль грамадскасць усяляк прапануе дыялог. Тое, што называецца “рэвалюцыяй праз сацыяльныя сеткі”, што моладзь беларуская прыдумала, гэта таксама прапанова дыялогу. Моладзь прыйшла на Плошчу пляскаць у далоні. І як успрыняла гэта ўлада? Так як успрыняла – зноў па адным такім хапунку зрабілі, каго там узялі, зноў дубінкамі па галаве... Вось і ўвесь дыялог. Пакуль не зменіцца гэта, датуль мы будзем з імі змагацца, якімі б дубінкамі нас не білі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі