Ворсін: Алег Знарок не ўзначаліць хакейную зборную Беларусі
Федэрацыя працягвае шукаць трэнера, які будзе рыхтаваць каманду да алімпіяды і чэмпіянату свету 2014 года.
Галоўны трэнер маскоўскага "Дынама" Алег Знарок не стане галоўным трэнерам хакейнай зборнай Беларусі. Усе спадзяванні беларускай федэрацыі разбіліся аб пазіцыю кіраўніцтва маскоўскіх дынамаўцаў, якое супраць сумяшчэння Знарком дзвюх пасадаў.
У размове з Еўрарадыё старшыня федэрацыі хакея Яўген Ворсін абверг чуткі пра тое, што сёння кіраўніцтва федэрацыі збіралася ехаць у Пінск (менавіта там знаходзяцца на зборах хакеісты маскоўскага "Дынама" разам са сваім галоўным трэнерам), каб правесці перагаворы са Знарком. Па словах Ворсіна, на немагчымасць працаваць з беларускай зборнай Алег Знарок "адрэагаваў адэкватна".
Ворсін: “Зразумела, што ён хацеў. Але ёсць узаемныя цікавасці і абавязкі, якія чалавек нясе перад зборнай і клубам. Але сяброўскія адносіны захаваліся. У прафесійных якасцях гэтага спецыяліста мы ніколькі не сумняемся. Працуем у кантакце. Вось будуць таварыскія гульні нашых беларускіх каманд з маскоўскім “Дынама”...".
Цяпер федэрацыя працягвае шукаць трэнера, які будзе рыхтаваць каманду да алімпіяды і чэмпіянату свету 2014 года ў Мінску.
Фота: bymedia.net