Выдавецтва "Время" прэзентуе кнігу Някляева "па-людску"
Прэзентацыя зборніка паэзіі Уладзіміра Някляева "Акно" адбудзецца толькі пасля вызвалення аўтара. Такое рашэнне прыняў яго выдавец.
Як паведаміў БелаПАН гендырэктар маскоўскага выдавецтва "Время" Барыс Пастэрнак, прэзентацыю кнігі планавалася правесці на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. Аднак выдавецтва вырашыла адмовіцца ад удзелу ў ёй. "Неяк не па-людску ладзіць прэзентацыю кнігі Някляева ў некалькіх кіламетрах ад месца, дзе паэт сядзіць пад хатнім арыштам", — растлумачыў Пастэрнак.
У зборнік "Акно" ўвайшлі выбраныя вершы Някляева ў перакладзе на рускую мову, а таксама яго арыгінальныя рускамоўныя вершы. Прадмову напісаў Яўген Еўтушэнка.