Выпускнік БДЭУ: “Сукенку на ўручэнне дыплома ўзяў у сяброўкі”
Хлопец прыйшоў на ўручэнне дыплома з іракезам і ў жаночай сукенцы таму, што “трэба ж было нешта адчыбучыць”.
Юрый і сам прызнае, што ідэя з жаночай сукенкай... глупства! Еўрарадыё знайшло хлопца, які шакаваў адміністрацыю БДЭУ сваім строем.
“Ідэя глупая ад пачатку, мужык у сукенцы выглядае недарэчна. Але трэба ж было нешта адчыбучыць у апошні раз, перад тым, як цябе выганяць з універсітэта. Была падстава пахіхікаць, і яна ўдалася, для тых, у каго ёсць пачуццё гумару”, - расказвае выпускнік Улікова-эканамічнага факультэта БДЭУ.
На ўручэнні дыплома
Спачатку ўсе ўсміхаліся, прыгадвае Юрый. Але потым стала не да смеху. Бо, па словах хлопца, у адміністрацыі ўніверсітэта цяпер праблемы.
“Цяпер гавораць, што ў дэкана праблемы, і з Міністэрства адукацыі шукаюць мяне. Гэта не было скіравана на дэкана ці некага з выкладчыцкага саставу я крыўдзіць не хацеў. Але нешта не склалася”, - наракае Юрый.
Сукенку хлопец не набываў у буціку, а проста пазычыў у сяброўкі.
“Падабралі па памеры – усё выдатна. Былі тыя, хто сказаў – дурачок. І тыя, хто сказаў – крута. Каб усіх раззлаваць – трэба апрануць матчыну сукенку”, - усміхаецца Юрый.
Як даведалася Еўрарадыё, зараз хлопец працуе “офісным планктонам”, спадзяецца, што выхадка на ўручэнні дыплома не адпугне кліентаў фірмы.
Юрый: “У мяне праца з паперамі і з людзьмі. Думаю, мае кліенты, калі ўбачаць гэта ў інтэрнэце, з іх псіхалагічным станам усё будзе добра”.
Ва ўніверсітэце ў Юры былі і тройкі, і пераздачы, бо “чалавек з іракезам наўрад ці вучыўся б на выдатна”
Юрый: “Адзінае, што не жыў у інтэрнаце. Гэта не было такое, што вы мяне крыўдзілі 5 гадоў, і цяпер я прыйду ў сукенцы. Вучыўся на платным”.
У родным дэканаце учынак Юры называюць агідным. Відаць, сукеначка “ў зебру” на выпускніку не спадабалася.
“Гэта, вядома, агідна. Калі б убачылі адразу – не пусцілі б на сцэну. Але дыплом мы яму ўсё ж уручылі. І санкцый да яго ніякіх мы не прымянялі”, - супакойваюць у дэканаце.
А Юрый здзіўлены, што гісторыя з сукенкай набыла такі розгалас і незадаволены, што яго фотка цяпер гуляе па інтэрнэце.
Фота: vk.com