Як не заплаціць штраф двойчы і не трапіць у спіс невыязных
Суд і life:) не паразумеліся. Яшчэ год таму мастачка Ніка Сандрас разлічылася з мабільным аператарам, але яе дагэтуль выклікаюць у суд.
“Тры гады таму я набыла 3G-мадэм, карысталася ім год, а потым закінула і забылася пра яго існаванне, — распавядае на сваёй старонцы ў Facebook пра канфлікт з кампаніяй life:) вядомая беларуская мастачка Ніка Сандрас. — Натуральна, на рахунак набегла пеня, якую з мяне спагналі праз суд. Летам 2012 года я цалкам аплаціла пазыку, дзяржмыту і нейкія судовыя выдаткі (каля 50$). Даслала ўсе квітанцыі аплаты факсам у суд, а арыгіналы адвезла ў офіс кампаніі, каб скасаваць кантракт. Але цягам апошніх 6 месяцаў мне зноў прыходзяць позвы ў суд!”
Ніка вельмі здзіўленая: якія да яе могуць быць прэтэнзіі? Яна двойчы прыязджае ў галоўны філіял кампаніі, некалькі разоў тэлефануе ў службу падтрымкі кліента. Паўсюль ёй адказваюць, што ў life:) да яе няма ніякіх пытанняў. У той жа час у Валожыне, дзе прапісаная мастачка, суддзя асабіста прыходзіць дадому да яе матулі, папярэджвае, што абвяшчае Ніку ў вышук, і пагражае штрафам у 6 мільёнаў рублёў!
“У такіх выпадках лепш патрабаваць у цэнтрах абслугоўвання даведку ці нейкі іншы дакумент, які пацвердзіць, што сума выплачана і пазыка закрытая, — раіць супрацоўнік прэс-службы аператара Максім Івашын. — Тэлефанаваннем гэта не робіцца, трэба ісці, патрабаваць, а калі не даюць у цэнтрах абслугоўвання, то звяртацца ў галоўны офіс”.
Але Ніка Сандрас сцвярджае, што ў цэнтры абслугоўвання ёй адмовіліся не толькі даваць даведкі, але і паведаміць тэлефон упаўнаважанага рабіць гэта. Еўрарадыё вырашае звярнуцца ў галоўны офіс life:). Там нам адказваюць, што запыт можна даслаць нават па пошце. Менеджары кампаніі ці скантактуюцца з вамі, ці дашлюць даведку ў адказ.
Пакуль рыхтуецца гэты матэрыял, Ніка Сандрас выходзіць на сувязь з юрыстамі кампаніі. Высвятляецца, што ў іх ёсць інфармацыя толькі пра аплату судовых выдаткаў і штрафа. А вось дакументаў, якія пацвярджалі б выплату пазыкі (260 тысяч), няма. Няма гэтых квітанцыяў і ў мастачкі.
“Я ж не буду захоўваць квітанцыі, якія ўжо непатрэбныя, — абураецца Ніка. — Яшчэ ўлетку, калі мне сказалі, што няма прэтэнзій, я іх выкінула. Але сітуацыя незразумелая! У мяне былі тры квітанцыі, я іх аддала, і мне двойчы паўтарылі, што да мяне больш няма прэтэнзій. Тым часам юрыдычны аддзел кажа, што ў цэнтры падтрымкі можа і ёсць запіс пра скасаванне кантракту, але ў іх запісу пра тое, што пазыка выплачаная, няма!”
Падобна на тое, што Ніцы Сандрас давядзецца заплаціць другі раз. Шанец пазбегнуць гэтага ёсць: пацвердзіць аплату можна ў банка, праз які праводзіўся грашовы перавод. Але гэтая працэдура не бясплатная…
“Вы можаце звярнуцца ў аддзяленне банка, каб там выдалі вам даведку з пацвярджэннем аплаты, — кажуць у цэнтры кліента "Беларусбанка". — Такая даведка каштуе 50 тысяч рублёў. Калі вы не памятаеце, у якім філіяле аплачвалі, дык можна звярнуцца і ў галоўны офіс банка. Але ў заяве вам трэба пазначыць як можна больш дадзеных”.
Ці варта марнаваць час і аддаваць 50 тысяч, каб яшчэ раз не плаціць 260 тысяч, кожны вырашае самастойна. Прасцей да такога не даводзіць і закрываць усе “хвасты” адразу пасля
адмовы ад любых паслугаў. Паводле слоў Максіма Івашына, беларусы ўсё часцей
кіруюцца менавіта гэтым прынцыпам.
“Тэндэнцыя да відавочнага змяншэння пазыкаў, — працягвае Максім. — Бо з кожнай пазыкай, з пачаткам кожнага суда людзі аўтаматычна трапляюць у спіс невыязных. То бок, праз невялікую пазыку можна атрымаць сур’ёзныя праблемы. Даўжнікі, натуральна, ёсць, як ёсць і ашуканцы. Некаторыя дагэтуль спрабуюць заключаць дамовы на алкаголікаў, каб потым перапрадаць абсталяванне. Але такіх выпадкаў вельмі мала”.
Ніка вырашае ў банк не звяртацца і аплаціць пазыку другі раз, каб пазбегнуць праблемаў і зберагчы нервы. Мастачка сур’ёзна задумваецца над пераходам да іншага мабільнага аператара. Але цалкам магчыма, што гэта стрэсавая рэакцыя на праблемы.
Фота: muha-elka.livejournal.com