“Яна шматдзетная маці, таму трэба, каб па крэдыце плацілі паручыцелі”

120821 Savich Bank1.mp3

“Пачалося каля двух гадоў таму. Патэлефанавалі з банка і сказалі, што мая знаёмая не плаціць па крэдыце і не бярэ трубку, а яна шматдзетная маці, таму трэба, каб па крэдыце плацілі паручыцелі, — дзеліцца Юля Кірпічова з Гомеля. — Я датэлефанавалася да знаёмай — яна патлумачыла, што ўсё заплаціла, але плаціла праз пошту, а ў банку — нейкія іншыя сумы, і таму атрымалася доўг”.

Юля Кірпічова стала паручыцелем у добрай знаёмай. Тая ўзяла крэдыт у 2007 годзе на нейкія асабістыя патрэбы на суму больш за пяць мільёнаў. На той час гэта былі даволі сур’езныя грошы. Спачатку ўсё было добра, знаёмая плаціла крэдыт. Але потым у жанчыны з’явілася трэцяе дзіця… і пачаліся праблемы з выплатамі па крэдытах. Крэдытаатрымальніца то забудзе пагасіць крэдыт, то заплаціць, але неяк не так. І банк патрабуе грошы ад паручыцеля Юлі. 

“Пачалі тэлефанаваць з банка і казаць, што грошы будуць вылічваць з майго заробку. Налічылі 400 тысяч з нейкімі даўгамі, я папрасіла бухгалтара гэту суму разбіць, заплаціла банку каля 250 тысяч рублёў. Потым знаёмая, якая атрымала крэдыт, знайшлася, выплаціла суму і банк мне вярнуў, але за вылікам нейкіх камісій атрымалася, што банк вярнуў толькі палову”, — скардзіцца Юля.

Дзяўчына заўважае, што грошай не шкада, але ўся гісторыя добра псуе нервы.

“Выплата па крэдыце складае каля ста тысяч, ці трохі больш. І мне не так шкада грошай, але ўся гэта цяганіна са штомесяцовымі тлумачэннямі банку, знаёмая матае мне нервы! Яшчэ чакаць да лістапада, калі ўся гэта гісторыя з крэдытам закончыцца, але трымчу ад любых званкоў”, — кажа паручальніца Юля.

Дзяўчына тут жа дадае, што, напэўна, нікому, апроч сваіх родных, не будзе паручыцелем па крэдыце. “Многія думаюць, што паручыцель — гэта проста так, намінальна, на паперцы. Я сутыкнулася з гэтым, дык, напэўна, для сяброў не стану паручыцелем ні ў якім разе. Толькі для родных”.

У “Белаграпрамбанку” кажуць, што часцей за ўсё такія сітуацыі ўзнікаюць з-за прававой бязграматнасці паручыцеляў.

“Людзі проста не ўспрымаюць сітуацыю сур’ёзна. Паручыцель і паручыцель, але калі ўзнікае сітуацыя — злуюцца на банк, што той прымушае іх плаціць па даўгах за крэдытаатрымальніка”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі