Зарэгістравана 363 кандыдаты ў дэпутаты, 7 зняліся, 124 атрымалі адмову

Абагульненыя лічбы па рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Ярмошына агучыла ў праграме тэлеканала АНТ "Тэма дня". Яна падкрэсліла, што не былі зарэгістраваныя каля 25% прэтэндэнтаў (124 чалавекі). Галоўныя хібы — неякасна сабраныя подпісы і памылкі ў падатковых дэкларацыях, кажа Лідзія Ярмошына. Сярод 363 зарэгістраваных 21 чалавек — цяперашнія дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, 60 чалавек складаюць дэпутаты ўсіх скліканняў. 7 чалавек, якія былі зарэгістраваныя, зняліся з выбарчай гонкі.

У эфіры тэлеканала "Беларусь-1" старшыня ЦВК заявіла, што чатыры акругі будуць безальтэрнатыўныя.

У лідара руху "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча, якога не зарэгістравалі, подпісы былі аформлены "страшэнна няправільна", заявіла Лідзія Ярмошына ў "Тэме дня". "У яго подпісы... знешне настолькі неахайнымі з'яўляюцца, што непатрэбныя эксперты-графолагі, каб пабачыць, што там масавая колькасць подпісаў не можа быць сапраўднымі", — сказала яна.

Старшыня ЦВК адзначыла, што зарэгістраваных кандыдатаў можа стаць больш: "Не ўсё яшчэ страчана... Ужо ў ЦВК паступаюць скаргі. І мы, дзе гэта будзе магчыма, дзе можна аднавіць правы кандыдата, дзе мы бачым, што акруговая камісія паступіла занадта жорстка (памер схаванага прыбытку не носіць істотнага характару), я думаю, мы правы патэнцыйнага кандыдата адновім. І думаю, ён зможа працягнуць удзел у перадвыбарчай кампаніі".

Гл. таксама: Выбаркамы забракавалі 9% кандыдатаў ад БНФ і 48% ад “Гавары праўду”

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі