З Авальнай залы — у Дом ветэранаў і на кафедру на чвэрць стаўкі

121109_luka6uk_byv6ye.mp3

“Згубіць дэпутата нельга”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас заключнага пасяджэння парламента. І паабяцаў усіх працаўладкаваць. Еўрарадыё прасачыла, як уладкавалі дэпутатаў, адпаведна іх “надзейнасці, прафесіяналізму і парламенцкаму гартаванню”.


Дванаццаць гадоў таму забралі з Драгічына ў Авальную залу дырэктара мясцовай гімназіі Уладзіміра Здановіча. За гэты час ён здолеў пабудаваць кватэру ў сталіцы. А вось знайсці годную працу па заканчэнні дэпутацкай кар’еры не атрымалася пакуль.


Уладзімір Здановіч: “Я працую на чвэрць стаўкі старшым выкладчыкам (у Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы. — Еўрарадыё). Адначасова, паколькі з’явілася шмат свабоднага часу, займаюся напісаннем артыкулаў для адукацыйных часопісаў, выступаю з лекцыямі, удзельнічаю ў семінарах па тэме адукацыі. Але буду шукаць нешта больш аплачванае, бо грошай пакуль вельмі мала на чвэрць стаўкі. Трэба больш стабільнае нешта знайсці”.


Дэпутат Валянціна Лузіна ад дапамогі па працаўладкаванні адмовілася. Хоць і тэлефанавалі з былога месца працы — Ашмянскага райвыканкама.


Валянціна Лузіна: “Старшыня райвыканкама некалькі разоў прапаноўваў дапамагчы. Казаў: “Вы не зможаце, Валянціна Міхайлаўна, сядзець на канапе і пляваць у столь!” А я кажу: “А я паспрабую! Бо ніколі ў жыцці гэтага не рабіла”.


Праўда, упэўнівае Еўрарадыё, што будзе на грамадскіх пачатках дапамагаць развіццю турызму на роднай Ашмяншчыне.


Былы старшыня Гомельскага райвыканкама Уладзімір Маёраў пайшоў з Авальнай залы ў… дырэктары Дома-інтэрната для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў. І цалкам задаволены зменай дзейнасці.


Уладзімір Маёраў: “Мне гэта падабаецца! Тым больш што паводле характару я люблю людзей — у мяне душа добрая!”


Не захацеў вяртацца ў чынавенскія калідоры і былы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Глаз. Цяпер ён — дырэктар філіяла "Белдзяржстраха" па Магілёўскай вобласці. Аграном-эканаміст па адукацыі ўпэўнівае, што “знайшоў сябе” на новым месцы.


Анатоль Глаз: “Гэта праца вельмі творчая, што мне імпануе. Я, шчыра кажучы, нават не думаў, што яна такая. Тут вельмі шмат магчымасцяў, каб уводзіць новыя віды паслуг страхавых. І гэты рынак у ліку тых, якія развіваюцца сёння найбольш".


Восем гадоў таму Алег Вялічка пераехаў з кабінета галоўнага лекара Брэсцкай гарадской лякарні хуткай медыцынскай дапамогі ў Авальную залу. А праз два дэпутацкія тэрміны вярнуўся на амаль тую ж пасаду.


Алег Вялічка: “Я не паспеў нават вокам міргнуць: 18 кастрычніка развітаўся з парламентам, а 22-га выйшаў на працу — галоўным лекарам Брэсцкага цэнтральнага гарадскога шпіталю”.


Усе дэпутаты сцвярджаюць адно: з радасцю развіталіся са сталіцай. І задаволеныя, кім сталі па заканчэнні дэпутацкай кар’еры. Апроч Здановіча.

Фота: http://photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі