За кастрычнік мінчукі скарысталі вады, як раней — а заплацілі больш

111117 Nasta Vada.mp3

З мінулага месяца беларусам увялі абмежаванне — 140 літраў вады ў суткі. За кожны дадатковы літр цяпер трэба плаціць па сабекошце.


Пад танныя тарыфы падпадае толькі 4,2 кубаметры вады ў месяц на чалавека. Цяпер за адзін кубаметр мы плацім 890 рублёў, а калі лічыць па сабекошце, то атрымліваецца 2546 рублёў.


Водаканал: "Так, людзі ў гэтым месяцы заплацілі больш. Ёсць аплаты па павышаных тарыфах. Па Мінску першапачаткова так і меркавалася, мы рабілі такія прыкідкі. Калі па Беларусі ў сярэднім расходы вады былі меншыя, то ў нас дзесьці ў раёне 5,2 кубаметраў на чалавека. Таму і планавалася, што па Мінску аплата за “звыш за 140 літраў” будзе больш за ўсё".


Але па аб’ёмах мінчукі скарысталі столькі ж вады, колькі і раней, кажуць у Водаканале. Відаць, людзі яшчэ не зразумелі, у чым справа, таму і прыходзяць скардзіцца ў... ЖЭСы.


ЖЭС №20, Мінск: “Цяпер шмат хто прыходзіць і высвятляе, чаму ім пайшоў другі радок, дзе налічана вышэй за норму. У асноўным прыходзяць пенсіянеры… Канешне, цяпер жа цэны вунь як выраслі, а заробкі — не асабліва. Таму, натуральна, людзям не хапае сродкаў”.


Скардзяцца на дарагія жыроўкі не толькі пенсіянеры. Слухач Еўрарадыё Дзяніс за аднапакаёвую кватэру мусіць заплаціць ажно 135 тысяч (!).


Дзяніс: “Нечакана вялікая жыроўка выйшла, і я сёння пайду разбірацца, у чым справа. Бо калі за 4-пакаёвую кватэру просяць 170 тысяч, то за аднапакаёвую 135 — неяк занадта”.


Больш за ўсё “вылезла” за ацяпленне, кажа Дзяніс. І гэта толькі за паўмесяца. З вадой таксама незразумела…


Дзяніс: “Яна палічаная два разы”.
Еўрарадыё: “Можа быць, гэта з-за новага абмежавання ў 140 літраў?”
Дзяніс: “Ну, я ніяк не выкарыстоўваю 140 літраў! Нічога такога не раблю, сланоў не падмываю”.


Яшчэ адзін слухач Еўрарадыё, Віктар, заплаціў за ваду ў кастрычніку на 30 тысяч больш! “Я заплаціў за тое, чаго не ўжываў”, — кажа Віктар.


Віктар: “У нас атрымалася 26 кубаметраў на траіх. Роўна 13 кубаметраў нам палічылі паводле звычайнага тарыфу. І яшчэ столькі ж палічылі па сабекошце, як яны называюць. Гэта выйшла на цэлых 30 тысяч даражэй! Такая сур’ёзная сума... Атрымалася, што за гэты месяц мы спажылі нібыта ў 2 разы больш вады, чым трэба згодна з нарматывамі”.


Насамрэч столькі вады Віктар не скарыстаў. Ён проста не паспеў падаць лічбы за новы месяц, і таму камунальнікі палічылі па мінулым, за які ён падаваў большыя дадзеныя.


Віктар: “Калі я паглядзеў на свой лічыльнік, то апынулася, што я вельмі моцна пераплаціў. У наступным месяцы мне, магчыма, гэта і вернуць, але я за гэта ўжо заплаціў… Тым больш, што я баюся, што ў наступным месяцы мне вернуць грошы па звычайным тарыфе, а не па сабекошце”.


У разліковым цэнтры аднаго са сталічных ЖЭСаў супакойваюць, што вернуць усю суму.


ЖЭС: “Будзе пералічвацца. Вернуць усё — і гэта, і паводле старага кошту. Што ўзялі, тое і вернуць”.


У хуткім часе, за вадой, нарматывы могуць увесці на электраэнергію і газ… Еўрарадыё працягвае сачыць за тэмай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі