ЖРЭА не будзе да суда высяляць БНФ з офіса
Тым не менш апазіцыянеры не спяшаюцца здымаць абарону славутай партыйнай сядзібы.
Дамова арэнды офіса на Машэрава, 8 паміж Партыяй БНФ і ЖРЭА Савецкага раёна скончылася 1 красавіка. Але фронтаўцы адмовіліся пакідаць памяшканне. Кіраўнік ЖРЭА паведаміў Еўрарадыё, што цяпер высяляць Управу будуць праз суд.
Кіраўнік ЖРЭА: "Калі арганізацыя на сённяшні дзень адмаўляецца высяляцца ва ўсталяваным парадку... Гэтае памяшканне патрэбнае, і мы іх папярэджвалі. Калі няма дабраахвотнага высялення, значыць, мы будзем падаваць і вырашаць свае адносіны ў судзе. Як прысудзіць суд, так і будзе".
Пры гэтым, па яго словах, Управу партыі не будуць выганяць да рашэння суда. Маўляў, усе выдаткі потым проста далічацца ў арэндную плату.
Аднак самі бээнэфаўцы не спяшаюцца здымаць абарону. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў старшыня партыі Аляксей Янукевіч:
Янукевіч: “На наступным тыдні мы пастараемся атрымаць пісьмовы дакумент ад ЖРЭА адносна таго, што яны гатовыя чакаць рашэння суда. Калі насамрэч яны нам такую пісьмовую паперу дадуць, мы разгледзім магчымасць прыпынення акцый як мінімум да рашэння суда. Але на сённяшні момант, мы пакуль не будзем здымаць абарону”.
Па словах Янукевіча, найбольш верагодна, што суд адбудзецца праз 2-4 тыдні. Але нават гэты суд, па словах палітыка, можа быць не апошнім:
Янукевіч: “Будзем звяртацца ў іншыя судовыя інстанцыі, аж да апошняй. І ў любым выпадку, нават калі суд не забавяжа ЖРЭА заключыць з намі такую дамову, мы ўсё роўна будзем працягваць нашую кампанію. Асноўная мэта гэта — дамагчыся, каб ЖРЭА заключыла з намі дамову. Мы перакананыя, што маем на гэта і юрыдычнае і маральнае права. І гэта мы будзем адстойваць усімі сродкамі”.
Фота: ByMedia