Жыллё для “чаргавікоў” патаннела ўдвая

Гэтыя лічбы так уразілі карэспандэнта Еўрарадыё, што ён не паверыў. Але начальнік упраўлення жыллёвага будаўніцтва міністэрства Аляксандр Горваль пацвердзіў: са слыхам у гледачоў беларускага тэлебачання ўсё ў парадку — такія кошты існуюць!

Аляксандр Горваль: “Што тычыцца 1 мільёна 700 — то гэта статыстыка, гэта сярэдні кошт па рэспубліцы. Дзесьці менш, дзесьці — да 2 мільёнаў даходзіць. Але сярэдняя — 1 мільён 700 тысяч. Гэта — па дамах тыпавых спажывецкіх якасцяў (панэльных — Еўрарадыё), якія былі здадзеныя ў траўні”.

Прычым прыблізна такі ж кошт за квадратны метр захоўваецца і сёння! І гэта пры тым, што ў траўні такі кошт квадратнага метра адпавядаў 550 доларам, а зараз ён стаў у доларавым эквіваленце ўдвая танней. Вось толькі чыноўнік цвердзіць, што да беларускага жылля долар… не мае аніякіх адносінаў!

Аляксандр Горваль: “Пры чым тут курс долара і кошт жыллёвага будаўніцтва?! Гэта несумяшчальныя рэчы! Тут ніякай эканомікі няма, сувязі паміж рублём і доларам у будаўніцтве. Ніякай абсалютна! 95 адсоткаў будаўніцтва жылога дома — гэта матэрыялы айчынныя. Пры чым тут долар? Айчынныя будаўнічыя матэрыялы падаражалі, так. Ёсць і 50, і 60%. Але гэта такія шараханні, якія мы на месца ставім. Гэта там пагарачыўшыся гора-эканамісты пачалі долары памнажаць на рублі. А сувязі паміж імі няма наўпрост!”

Праўда, трэба зрабіць адно ўдакладненне. Па такім кошце могуць будавацца толькі тыя, хто стаіць на чарзе ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. І дачакаўся сваёй чаргі будавацца.

Аляксандр Горваль: “Гэта ўсё для “чаргавікоў”, якія атрымліваюць ільготныя крэдыты і субсідыі. А чакаць... Як дзе. У Мінску — шмат. У раённых цэнтрах — толькі стаў на чаргу, а ўжо кажуць: “Хуценька давай, уступай у будаўніцтва!”. Там ужо 2010-11 год уключаюць у будаўніцтва. У абласных цэнтрах — ад 5 да 10 гадоў. У буйных гарадах інтэрвалы таксама да 10 гадоў”.

У Магілёўскай вобласці зараз у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаіць 68 тысяч чалавек. Пабудавацца ў рэгіёне можна было ў сярэднім па 1 мільёне 300 тысячах рублёў за квадратны метр “панэлькі”. Менавіта такі кошт Еўрарадыё называе старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Магілёўскага аблвыканкама Сямён Балоцін.

Сямён Балоцін: “Да чэрвеня-месяца ў нас было, здаецца, па першым квартале 1 мільён 300 тысяч. Праўда, я не магу сказаць, наколькі павялічыліся сёння кошты. Бо паводле статыстыкі ёсць у некаторых месцах зніжэнне, а ёсць — павышэнне”.

Чакаць будаўніцтва па такім зайздросным кошце людзі мусяць дзе 5, дзе 10 гадоў. У невялікіх гарадах будуюць найчасцей не панэльныя, а цагляныя дамы. Кошт квадратнага метра аўтаматычна вырастае як мінімум на 20%. А тады 1,7 мільёна за квадрат незаўважна ператвараецца ў 2 мільёна 040 тысяч. Таксама добра!

У Мінску зараз у чарзе тых, каму патрэбна паляпшэнне жыллёвых умоў, знаходзіцца каля 280 тысяч чалавек. Як даведалася Еўрарадыё, з іх прыкладна 60 тысяч не маюць ва ўласнасці ніякага жылля. Але трапіць у кааператыў, які будуе жыллё для гэтай сацыяльнай катэгорыі людзей, амаль немагчыма.

Супрацоўніца “Мінскбуда”: “Не падкажам нічога: самі не ведаем. Няма аб’ектаў. Тое, што ёсць, — укамплектавана, а наступных пакуль няма”.

Еўрарадыё: “А што вы параіце, як быць: падыходзіць і цікавіцца раз на тыдзень ці як?”

Супрацоўніца “Мінскбуда”: “Глядзіце самі, раіць нешта цяжка. Бо дом “разбіраецца” за дзень, за два”.

Хутка Мінгарвыканкам можа перагледзець нормы, паводле якіх чалавек можа стаць у чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў. Знізяць планку з 20 да 10 метраў на чалавека. Вось тады справа зрушыцца з месца, спадзяюцца чыноўнікі. Прынамсі, 20 гадоў чакаць таннага жылля не давядзецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі