З'явіліся маркі са смакам і пахам шакаладу (фота)
Іх упершыню выпусціла бельгійская пошта.
Як паведамляе РІА "Новости", аматары шакаладу змогуць з 25 сакавіка набыць блок з пяці марак для міжнароднай карэспандэнцыі за 6 еўра 20 сантымаў.
"Шакаладны смак быў дададзены ў клеючую аснову маркі ў выглядзе эфірных алеяў какава, які адчуваецца пры аблізванні. Фарба таксама струменіць водар шакаладу", — гаворыцца ў заяве пошты.
На марках намаляваны шакалад розных формаў і памераў: у гранулах, у кавалачках і ў выглядзе шакаладнай масы. Па словах прадстаўнікоў пошты, было няпроста дамагчыся "правільнага смаку і паху" горкага шакаладу, над якім сумесна працавалі спецыялісты з Бельгіі, Нямеччыны, Нідэрландаў і Швейцарыі.
Дарэчы, дадаткі, якія паляпшаюць смак марак, не з'яўляюцца рэдкасцю. Так, напрыклад, у Кітаі раней былі выпушчаныя маркі са смакам свініны ў кісла-салодкім соусе, а ў Нямеччыне — са смакам марожанага.
Фота — AFP