Рок VS папса: хто пераможа на Еўрафэсце?

21 снежня ў 21.45 у прамой трансляцыі Першага нацыянальнага тэлеканала ўсе ахвотныя змогуць паўдзельнічаць у выбары трох фіналістаў конкурсу "Еўрафэст". У спісе пакуль што 15 прэтэндэнтаў, сярод якіх прысутнічаць і рокавыя калектывы, і прадстаўнікі "папсы". Вызначэнне чарговасці ўжо адбылося. Атрымалася, што ўсе рокавыя калектывы выступаць адзін за адным: “По Глазам” – 11-я, “Палац” – 12-ы, “Dali” – 13-я.

Віктар Рудэнка, лідэр гурта “Dali”, “чортавай” лічбы не баіцца:

“Вельмі шчаслівая лічба! Я стаўлюся да лічбаў вельмі лагодна: я больш увагі надаю словам. Пад тэлекамерамі ўжо былі з гэтай песняй – праўда, з беларускамоўным варыянтам “Неба шэрае”. Таму я лічу, што мы гатовыя паказаць і англамоўную песню. Думаю, што гэта будзе такі добры імпрэсіянізм. Дый сама песня такая вельмі еўрапейская”.

І хоць музыкамі падабаецца рок-музыка, яны ўпэўненыя, што пераможа шчыра напісаная песня:

“Павінна перамагчы добрая музыка, нават нягледзячы на тое, што аддаю перавагу рок-музыцы. Песня павінна быць сапраўднай, не высмактанай з пальца – толькі тады яна будзе кранаць за душу людзей”.

Стася, вакалістка гурта “По глазам”, таксама задаволеная сваім нумарам – 11. Проста ўжо не першы раз “адзінкі” ідуць разам з гуртом:

“Вельмі прыемна, што адзінкі нас пераследуюць, таму што ў мінулы раз мы выступалі першымі. Чакаць ад нас трэба лёгкага ці больш цяжкага эпатажу: залежыць гэта ад таго, як у каго з нервовай сістэмай. Самотным мужчынам глядзець супрацьпаказана: я буду ў вельмі кароткай спадніцы і такіх панчохах, якія да мяне ўжо проста прыліплі…”

Падтрымаць канкурсантаў прыйдуць удзельнікі гурта “Аляксандра і Канстанцін”, які першы ў гісторыі прадстаўляў Беларусь на Еўрабачанні. Музыкі адназначна будуць галасаваць за “Палац”:

“Шчыра кажучы, нават не ведаем, хто там ёсць у спісе. Аднак чулі, што дакладна патрапіў “Палац”. Яны нам бліжэй за ўсіх, таму будзем галасаваць за спадара Хаменку і кампанію”.

Нагадаем, што 21 снежня ў жывым эфіры ўсе выканаўцы выступяць пад фанаграму «мінус адзін». Журы падчас канцэрту будзе знаходзіцца ў іншай студыі і назіраць за ўсім па тэлевізары.

Галасаванне тэлегледачоў пачнецца адразу ж па заканчэнні выступаў усіх удзельнікаў. Кожны зможа аддаць свой голас за ўпадабанага выканаўцу. Для гэтага трэба патэлефанаваць на нумар 8‑803‑100‑03‑ХХ (апошнія лічбы — нумар выканаўцы — ад 01 да 15). Гэта можна будзе зрабіць бясплатна.

Калі станецца так, што погляды журы і гледачоў разыйдуцца, то замест двух фіналістаў змагацца за пуцёўку ў Белград будуць не два, а тры выканаўцы. Таму менавіта ад вас, паважаныя, будзе залежаць, хто пераможа: рок ці папса…



Ілюстрацыя Wiecier Mechaniczny, "Тузін Гітоў"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі