Салдат, загінулы на палігоне ва Уруччы, быў сведкам у справе Коржыча
Салдат Дзмітрый Удод, які загінуў на палігоне ва Уруччы, праходзіў сведкам па справе Аляксандра Коржыча. Пра гэта выданню “Медыя Палессе” распавяла Святлана Коржыч, маці Аляксандра, смерць якога Следчы камітэт трактуе як самазабойства.
Святлана Коржыч распавяла, што Дзмітрый Удод служыў разам з яе сынам і цяпер сведкі ў гэтай справе няма. Расследаванне працягнутае да чэрвеня. Таксама памерла бабуля Аляксандра — яна праходзіла па гэтай справе як пацярпелая. Маці загінулага салдата Коржыча прызнаецца, што не ведае, што думаць на гэты конт.
4 красавіка падчас планавых заняткаў па агнявой падрыхтоўцы 120 асобнай механізаванай брыгады вайскоўцамі тэрміновай ваеннай службы, якія ўваходзілі ў экіпаж баявой машыны пехоты, былі парушаныя захады бяспекі. У выніку старшы механік-кіроўца БМП Дзмітрый Удод атрымаў агнястрэльнае раненне і памёр. Вядома, што ў хлопца трапілі з танкавага кулямёта Калашнікава, якім абсталёўваецца БМП.
Паводле афіцыйнай версіі Следчага камітэта, Аляксандар Коржыч, які праходзіў службу ў Печах пад Барысавам, быў даведзены да самазабойства. Пра такія высновы паведаміў 19 красавіка журналістам начальнік галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Алег Шандаровіч.