Саша Кулінковіч: “Нашая публіка вырасла. А я шчаслівы!”

18 траўня святкуе свой 35-ы дзень нараджэння вядомы беларускі рок-музыка, не пабаюся сказаць — мастадонт айчыннага року Аляксандар Кулінковіч.
Заўчора у адным з мінскіх клубаў праходзіла афіцыйнае святкаванне гэтай падзеі з вялікім сольным канцэртам гурта Neuro Dubel. Пра тое, як праходзіў канцэрт, расказвае наш карэспандэнт Віталь Малькевіч:

“Спачатку планавалася, што ўсё будзе праходзіць у клубе Night Star, але ў клуб патэлефанавалі з упраўлення па ідэалогіі Мінгарвыканкаму і прапанавалі выбіраць — ці клуб, ці канцэрт. Таму мерапрыемства перанеслі ў адзін з мінскіх рэстаранаў першай нацэначнай катэгорыі.

Відаць, гэтая забарона паўплывала і на наведванне канцэрту, бо людзей было няшмат. Па квітках было 110 чалавек і плюс 30 запрошаных. Самае дзіўнае, што чацвёртая частка наведвальнікаў — гэта ўжо сталыя людзі.

Публіка, як і звычайна на канцэртах гурта, паводзіла сябе вельмі актыўна. Канешне, тая сталая частка спачатку тоўпілася каля бару, але потым, узгадваючы маладосць, пусцілася танчыць. Усё было вельмі цёпла і па-хатняму.

Таксама сюрпрызам для тых, хто прыйшоў на канцэрт, быў сумесны выступ Neuro Dubel і
вакаліста гурта “Палац” Алега Хаменкі, яны праспявалі разам песню “Гузік” з альбому “Танкі”.

Вядома, мы не маглі не даведацца, якія ўражанні ад канцэрту ў самога Аляксандра:

“Апошнія часы канцэрцікі былі маленечкія, крохкія, сціплыя. На жаль, у нас няма магчымасці зараз граць на вялікія залі. А тут ужо быў нармальны канцэрт – людзі маглі танчыць, на мой погляд, быў вельмі добры гук.

Мне вельмі спадабалася, я вельмі задаволены канцэртам. Гэта проста шыкоўны падарунак ад мінскага клубу і арганізатараў мерапрыемства. Публіка “Дзюбеля” вельмі вырасла, сярэдні ўзрост прыкладна 30 гадоў.

Прыемна, канечне, бачыць перад сабой больш-меньш адэкватных людзей. Бо ў маіх калег па цэху публіка вельмі маладая — гэта класна для гурта, але не вельмі добра для канцэртаў.

Гэтым разам усё было выдатна, я нават заходзіў пасля канцэрту ў прыбіральню, і там усё было чысценька, не так як звычайна пасля рок-канцэртаў. Я быў гэтаму шчаслівы, бо не хацелася падводзіць адміністрацыю клуба.

Падчас канцэрту мне дарылі лялькі, адна дзяўчына падарыла мне добрую туалетную ваду, якая мне спадабалася, што дзіўна, бо звычайна мне нічога не пасуе.

Жонка мая, акрамя невялікіх падарункаў, падарыла мне кнігу, якую я даўно шукаў, але беспаспяхова. Я нават ад шчасця ледзь не абпісяўся!!!”


Дадам толькі, што падчас канцэрту выконваліся як старыя, так і зусім новыя, яшчэ не выдадзеныя песні гурта. Дарэчы, пра новы альбом Neuro Dubel Саша нам таксама расказаў:

“Ёсць вялікае жаданне выдаць новы альбом. Спадзяемся, што ён усё ж такі выйдзе, бо ўжо амаль запісаны і гатовы.

Засталося толькі звядзенне, і хацелася б перапісаць некалькі песень, таму што яны паспелі вырасці. Альбом будзе вялікі, песеню хутчэй за ўсё будзе 19. Ён таму так і зацягнуўся, бо раптоўна дапісаліся новыя песні. Ну, а па стылістыцы ён будзе крыху цяжэй, калі параўноўваць з альбомам “Танкі”.


Дадамо, што 19 ліпеня дзень нараджэння гурта Neuro Dubel. Менавіта да гэтай даты і рыхтуюцца новы альбом і трыб’ют калектыву, у якім ужо пагадзіліся ўдзельнічаць каля 20 выканаўцаў, у тым ліку і прадстаўнікі беларускай эстрады Паліна Смолава і Аляксей Хлястоў.

Будзем чакаць рэлізу новых кружэлак і спадзявацца, што на іх прэзентацыю праблемы патрапіць не будзе. Ну, а пакуль — яшчэ раз віншуем Аляксандра з днём нараджэння!

Няхай тое мора творчай энэргіі і жыццёвай харызмы, якое ўжо існуе, толькі павялічваецца і ператвараецца ў акіян. Саша, здароўя табе і як магчыма менш перашкодаў на тваім музычным шляху. Ад усяго калектыву “Еўрарадыё” – са святам!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі