Шаўцоў: Не пускаць Лукашэнку ў Кіеў амаральна
Еўрасаюз займае немаральную пазіцыю, не пускаючы Лукашэнку на чарнобыльскую канферэнцыю. Такое меркаванне выказаў палітолаг Юрый Шаўцоў.
Нагадаем, прэзідэнт Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу заявіў, што адмовіцца ад удзелу ў канферэнцыі, калі туды прыедзе беларускі прэзідэнт. Канферэнцыя пад назвай “Дваццаць пяць год Чарнобыльскай катастрофы. Бяспека будучыні” адбудзецца 20-22 красавіка ў Кіеве.
На думку палітолага, заява Барозу звязаная найперш з судамі над фігурантамі "справы 19 снежня".
Шаўцоў: "Але, на мой погляд, гэта вельмі непрыгожа з боку Еўрапейскага Саюзу. Бо ёсць тэмы, напрыклад "Чырвоны Крыж", сітуацыя з Чарнобылем, дзе трэба адкладаць убок палітычныя разыходжанні. Я ўпершыню, шчыра кажучы, сутыкаюся з такой сітуацыяй, калі Чарнобыльская тэма настолькі палітызуецца з заходняга боку".
Што праўда, наступствы гэтай гучнай заявы Шаўцоў ацэньвае як мізэрныя.
Шаўцоў: "Непасрэдных наступстваў ніякіх не будзе. Проста, як той казаў, "асадачак застанецца". Гэта маральны атрымліваецца канфлікт. Прычым, у дадзеным выдадку, у адрозненне ад сітуацыі з гэтымі судамі, у Захаду не вельмі маральная пазіцыя".
Міжнародная Чарнобыльская канферэнцыя павінна адбыцца праз месяц. Якую пазіцыю абярэ Кіеў? На думку Шаўцова, арганізатары пастараюцца знайсці кампраміс.
Шаўцоў: "Хутчэй за ўсё будуць шукаць нейкі кампраміс. Тым больш, за месяц можа шмат што змяніцца ўвогуле ў сусветнай палітыцы, асабліва па выніках таго, што адбываецца ў Японіі".