Шматдзетная маці выкінула немаўля на сметнік

Учора ў пасёлку Ноўка Віцебскага раёна ў сметніку знайшлі немаўля. Хлопчыку пашчасціла — дворнік натрапіла на дзіця прыкладна праз гадзіну пасля таго, як маці выкінула яго ў смецце. Міліцыянты высветлілі, што парадзіха — 43-гадовая шматдзетная маці, мясцовая жыхарка. Дзіця яна нарадзіла дома, закруціла ў старое адзенне і аднесла на сметнік. Чаму жанчына зрабіла гэта, пакуль невядома. Сама яна ў цяжкім стане знаходзіцца ў лякарні. Хлопчык шпіталізаваны ў рэанімацыю. Медыкі кажуць — будзе жыць.

Імя немаўлятку яны не далі. Як расказалі ў пракуратуры Віцебскага раёна, магчыма, гэта зробіць сама маці, калі дзіця вернецца ў сям'ю. Лёс хлопчыка залежыць ад таго, як вырашыцца лёс яго маці. Калі высветліцца, што яна выкінула дзіця ў стане афекту ці пад прымусам, жанчына можа пазбегнуць пакарання.

Пакуль жа ў адносінах да яе распачата крымінальная справа па факце спробы забойства нованароджанага.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі