Штэфан Фюле: ЕС узмоцніць падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі
Еўрасаюз узмоцніць падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Пра гэта заявіў еўракамісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле, выступаючы ў Цэнтры ўсходніх даследаванняў у Варшаве ў панядзелак.
Прыхільнасць Еўрасаюза асноўным каштоўнасцям тлумачыць, чаму палітыка ЕС у рамках Усходняга партнёрства мае некаторыя абмежаванні, заявіў Фюле. У якасці прыкладу ён прывёў Беларусь, дзе ЕС не можа ў поўнай меры ўдзельнічаць у рэформах без яснага руху гэтай краіны ў бок дэмакратызацыі і павагі да правоў чалавека.
"З іншага боку, мы не можам адмовіцца ад удзелу. Падтрымка ЕС грамадзянскай супольнасці ў Беларусі будзе ўзмоцнена, і мы будзем працаваць, каб садзейнічаць кантактам паміж людзьмі", — цытуе словы Фюле БелаПАН.
Еўракамісар растлумачыў, што такія кантакты дапамогуць ЕС стварыць аснову для больш амбіцыйных крокаў, магчымых пры пэўных абставінах.
Хуткасць і маштаб удзелу Еўрасаюза ў рэформах будзе залежаць ад прагрэсу ў правядзенні выбараў у Беларусі, адзначыў Фюле.