Што магла б страціць Беларусь праз “галодныя” санкцыі?
Еўрарадыё паглядзела, што знікла б з прылаўкаў, калі б Беларусь як партнёрка Расіі па Мытным саюзе прыняла такія ж санкцыі супраць Захаду ў плане ежы.
Еўрарадыё паглядзела, што знікла б з прылаўкаў, калі б Беларусь як партнёрка Расіі па Мытным саюзе прыняла такія ж санкцыі супраць Захаду ў плане ежы.
У гіпермаркеце “Еўраопт”, што на вуліцы Мантажнікаў, пытаюся, што знікла б з прылаўкаў, калі б і Беларусь, як Расія, забараніла да ўвозу прадукты з краін Еўрасаюза. Дзяўчына ў інфацэнтры пералічвае прадукты:
“Памідоры з Нідэрландаў на галінцы, ёсць памідоры беларускія. З Нідэрландаў каштуюць 13 тысяч рублёў, беларускія — 7 тысяч рублёў”.
Потым называе арэхі, свежую і свежамарожаную рыбу, садавіну ды гародніну.
Памідоры айчынныя быццам бы таннейшыя за імпартныя ажно на пяць тысяч рублёў. Але гэта ў сезон. Узімку памідоры былі б такім жа далікатэсам, як апельсіны за Савецкім Саюзам!
На Камароўцы ёсць некалькі закуточкаў, дзе прадаюць менавіта імпартныя сыры. Прадавачка рэкламуе:
“Які на вас сыр “глядзіць”? У нас шырачайшы асартымент. Вось з Нідэрландаў, вось польскі і французскі. Ёсць і з Германіі!”
Замежны сыр мусіць знікнуць з прылаўкаў
На пытанне, чаму ў яе і калегі з беларускім сырам цэны аднолькавыя, прадавачка імпартных сыроў дыпламатычна маўчыць. У выпадку, калі б санкцыі ўвяла і Беларусь, засталіся б толькі беларускія сыры. Ніякіх табе “маскапоне” ды “камамбераў”.
Кіруюся ў гандлёвы цэнтр “Карона”. Гіпермаркет любяць іншаземцы за вялікі выбар прадуктаў, у тым ліку імпартных.
На ўваходзе сокі. Даўжэзны стэлаж сокаў на любы густ: з Іспаніі, Германіі, Польшчы, Італіі, то бок з апальных краінаў. Застануцца сокі беларускія ды расійскія.
Далей садавіна ды гародніна. Ну, скажам, свежую бульбу з Македоніі беларусам пакінуць. А вось польскія яблыкі, сельдэрэй і памідоры з Нідэрландаў ды Іспаніі, цыбулю белую з Італіі, цыбулю-шалот з Францыі, манга, персікі, слівы з прылаўкаў прыбяруць.
Што застанецца? Беларускія яблыкі ды грушы, якія да зімы чамусьці не дажываюць. Застануцца ананасы з Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі, какосы ды лімоны адтуль жа.
Какос, лімон ды ананас застануцца на прылаўку. Яны з Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі
... не будзе персікаў ды сліў
Згодна са звесткамі Белстата, Беларусь і сама актыўна закупляецца садавіной ды гароднінай. Да прыкладу, у студзені-траўні ў суседняй Польшчы мы закупілі яблык ды груш на 93 мільёны долараў, памідораў — на 11,6 мільёна, капусты — на 9,6 мільёна.
Тут увогуле ўся гародніна з "варожых" краін!
Праз санкцыі беларусы маглі б страціць і марскую рыбу. Толькі з Нарвегіі за студзень-травень мы завязлі свежай і свежамарожанай рыбы на болей чым на 32 мільёны долараў.
Уся рыба тут з Нідэрландаў ды Нарвегіі, а застаўся толькі лёд
Амаль уся свежамарожаная рыбка ў “Кароне” — з-за “бугра”: краіны-пастаўшчыкі — Нідэрланды ды Нарвегія. Прадавачка звяртае маю ўвагу на скумбрыю: напісана, што яна з Беларусі.
“Вось беларуская скумбрыя, калі хочаце. Але вы ж разумееце, якая скумбрыя ў Беларусі. Усё прывезенае, замарынавалі ў Беларусі — таму вытворчасць ужо беларуская”, — кажа пра хітрыкі прадавачка рыбы.
На выхадзе сустракаю акцыйныя зніжкі на алкаголь. Добра, што Расія не ўвяла санкцыі яшчэ і на гэта. З іншага боку, ёсць жа беларускае пладовае віно.