Сіротам будуць выдаваць ільготныя крэдыты на жыллё па-за чаргой

Сіротам будуць выдаваць ільготныя крэдыты на жыллё па-за чаргой

Сіроты змогуць атрымаць ільготныя крэдыты на будаўніцтва, рэканструкцыю ці набыццё жылля па-за чаргой. Гэта прадугледжана ўказам №460. Пра гэта 29 лютага паведаміла кансультант упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Іна Пінкоўская.

Пінкоўская: "Раней дзеці-сіроты таксама маглі атрымаць такі крэдыт, але дзяржпадтрымка прадастаўлялася ў парадку агульнай чаргі. З 1 сакавіка яны будуць мець права атрымліваць ільготныя крэдыты і субсідыі ў пазачарговым парадку".

Ільготны крэдыт сіротам будзе выдавацца на 40 гадоў пад 1%. Дагэтуль ён выдаваўся пад 5% на 20 гадоў.

Акрамя таго, на 5 гадоў ім будуць вылучаць сацыяльнае жыллё. Па заканчэнні гэтага тэрміну можна застацца жыць у кватэры, але яно будзе пераведзенае ў катэгорыю арэнднага жылля, перадае БЕЛТА.

Акрамя таго, згодна з указам №460 грамадзяне, якія пражылі ў інтэрнатах больш за 10 гадоў, губляюць права на першачарговае крэдытаванне.

Начальнік аддзела юрыдычнай працы і кадраў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Наталля Кухарчык распавяла, што ўказ №460 таксама прадугледжвае магчымасць пераводзіць інтэрнат у арэнднае жыллё, якое можна будзе прыватызаваць. Пры гэтым права на прыватызацыю будуць мець не ўсе катэгорыі грамадзян.

Для першачарговікаў (грамадзян, якія атрымалі жыллё на перыяд працаўладкавання — маладых спецыялістаў, вайскоўцаў, суддзяў ды інш.) паніжальны каэфіцыент на арэнднае жыллё з 1 сакавіка будзе прымяняцца толькі да 20 кв.м жылля ў разліку на аднаго чальца сям'і. Калі ва ўласнасці ў іх з'явіцца іншае жыллё, то першачарговік будзе выселены з арэнднай кватэры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі