Следчы камітэт: Дэкрэт аб дармаедстве не звязаны з самазабойствам у Асіповічах
Самазабойства мужчыны, які 6 снежня выкінуўся з акна сваёй кватэры ў Асіповічах, не звязанае з фактам уплаты збору на “дармаедства”. Такое меркаванне выказвае Следчы камітэт. Як паведаміла БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўска вобласці Аксана Салянюк, па гэтым інцыдэнце была зладжаная праверка, але следчыя адмовіліся распачынаць крымінальную справу, бо “ніякіх фактаў, якія маглі б спрыяць давядзенню да самазабойства, выяўлена не было”.
Таксама ў СК заяўляюць, што ў перадсмяротнай запісцы мужчына казаў пра праблемы, звязаныя выключна з сямейна-бытавымі адносінамі.
Раней паведамлялася пра тое, што 60-гадовы Айвар Яскевіч перад смерцю пакінуў на стале запіску, у якой напісаў: “Я ніколі не быў дармаедам, гвалтаўніком, рабаўніком, я ўсё жыццё сумленна працаваў”. Таксама ён пакінуў квітанцыю аб аплаце “падатку на дармаедства”.