СМІ: Кіраўнік Беларусбанка адпраўлены ў адстаўку
Паводле інфармацыі tut.by, старшыня праўлення Беларусбанка Сяргей Пісарык адпраўлены ў адстаўку. Журналісты парталу спасылаюцца на некалькі інфармаваных крыніцаў.
Паводле крыніцаў, прычыны звальнення Пісарыка невядомыя, усё адбылося вельмі хутка.
Тым часам у прэс-службе Беларусбанка кажуць, што ў сераду старшыня праўлення быў на працоўным месцы і падпісваў дакументы. А месяц таму з Пісарыкам працягнулі кантракт на пяць гадоў.
Кіраўнік назіральнага савета Беларусбанка, міністр фінансаў Уладзімір Амарын ад каментароў адмовіўся.
Амаль уся працоўная кар'ера Пісарыка была звязаная з Беларусбанкам. У 2007 годзе ён стаў намеснікам старшыні праўлення банка, а праз чатыры гады ўзначаліў гэтую ўстанову.
Дарэчы, 17 лістапада Аляксандр Лукашэнка абяцаў навесці ў банках жалезны парадак. Ён адзначыў, што ў крызіс банкіры жывуць лепш, чым у папярэднія гады. Па яго словах, супрацоўнікі банкаў атрымоўваюць добрыя заробкі і самі сабе выдаюць крэдыты.
Нагадаем, што ўлетку былі затрыманыя два топ-менеджары Беларусбанка: выканаўчы дырэктар Анатоль Баговік і першы намеснік старшыні праўлення Генадзь Гаспадарык.