Спікер Еўракамісіі: ЕС не змяніў палітыку ў дачыненні да Беларусі

Зняцце санкцыяў ЕС з 13 чалавек і 5 беларускіх прадпрыемстваў не азначае хуткага пацяплення ў адносінах Еўрасаюза з Беларуссю. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла Мая Качыянчыч са службы спікераў Еўрапейскай камісіі. Спадарыня Качыянчыч з’яўляецца спікерам высокага прадстаўніка Еўракамісіі па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан. Нагадаем, уводзяць і здымаюць санкцыі менавіта міністры замежных справаў краінаў Еўрасаюза.

Еўрарадыё: Чаму “чорны спіс” перагледзелі менавіта зараз, калі ўсяго месяц застаўся да віленскага саміту “Усходняга партнёрства”?

Мая Качыянчыч: Абмежаванні, якія ўстанавіў Еўрасаюз, пашыраюцца ці скарачаюцца кожны год. І вось, 29 кастрычніка Савет [Савет ЕС, у які ўваходзяць міністры замежных справаў краінаў Еўрасаюза. — Заўв. Еўрарадыё] вырашыў падоўжыць санкцыі на адзін год, да кастрычніка 2014 года. Гэта адбылося таму, што ніхто з палітвязняў не быў вызвалены, і ніхто з тых, хто выйшаў на свабоду па заканчэнні тэрміну, не быў рэабілітаваны. І сітуацыя з павагай да правоў чалавека, вяршэнствам закона і дэмакратычнымі прынцыпамі за год, што прайшоў, у Беларусі не палепшылася.

Еўрарадыё: То бок, саміт не мае дачынення да гэтых зменаў?

Мая Качыянчыч: Перагляд спісу — гэта запланаваная працэдура, парадак, які мы вызначылі, і мы мусім яго прытрымлівацца. Арганізацыя віленскага саміту — гэта зусім іншы працэс.

Мая Качыянчыч

Еўрарадыё: Нас вельмі цікавяць дэталі. Напрыклад, з “чорнага спісу” былі выключаныя дзве беларускія суддзі — Вольга Комар і Надзея Равуцкая. Чаму менавіта яны з усіх 70 суддзяў, на якіх накладзеныя санкцыі, сталі ўязнымі ў ЕС?

Мая Качыянчыч: На гэты момант у нашым спісе 232 асобы з “трэвел банам” і 25 прадпрыемстваў пад эканамічнымі абмежаваннямі. Прычыны, з якіх мы дадалі ў спіс яшчэ траіх, — парушэнні правоў чалавека. А 13 чалавек і 5 прадпрыемстваў былі выкрасленыя са спісу, бо зніклі падставы для таго, каб накладаць на іх абмежаванні.

Еўрарадыё: Але як стала зразумела, што гэтыя падставы зніклі?

Мая Качыянчыч: Гэта ўсё, што я магу сказаць: больш няма падставаў, каб захоўваць у “чорным спісе” гэтых 13 чалавек і 5 прадпрыемстваў. Але што трэба разумець: гэтыя рашэнні не з’яўляюцца адлюстраваннем зменаў у палітыцы Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі. Мы праводзім палітыку крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю. Частка гэтага падыходу — увядзенне абмежавальных захадаў з прамоцыяй павагі да правоў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных прынцыпаў.

Еўрарадыё: А што да пяці прадпрыемстваў Уладзіміра Пефціева, у адносінах да якіх спыненыя санкцыі? Чаму Пефціеву так пашанцавала, а прадпрыемствы іншага ўплывовага бізнесоўцы — Юрыя Чыжа — застаюцца ў “чорным спісе”?

Мая Качыянчыч: Адказ той жа: больш няма падставаў, каб гэтыя прадпрыемствы заставаліся ў “чорным спісе”

Еўрарадыё: Магчыма, можна крыху падрабязней распытаць пра гэтыя падставы ў каго-небудзь з сяброў Савета ЕС?

Мая Качыянчыч: Баюся, што не, таму што гэта менавіта мы [служба спікераў Еўрапейскай камісіі. — Заўв. Еўрарадыё], хто адказвае за тлумачэнні рашэнняў Савета Еўрасаюза.

Нагадаем, 30 кастрычніка стала вядома, што Еўрасаюз выкрасліў з “чорнага спісу” беларускіх чыноўнікаў 13 прозвішчаў і дадаў тры новыя. Таксама з-пад санкцыяў ЕС вызваленыя 5 беларускіх прадпрыемстваў.

Саміт “Усходняга партнёрства” пройдзе ў Вільні 28-29 лістапада. Беларусь атрымала на яго запрашэнне, у якім не пазначана прозвішча таго, хто мусіць прадстаўляць нашую краіну. Тэарэтычна, на саміт у Вільню можа паехаць Аляксандр Лукашэнка.

Фота — Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі