Справа аб утрыманні ў Італіі беларускі Вікі Мароз перададзена ў суд Генуі

Справа аб утрыманні непаўналетняй беларускай дзяўчынкі Вікі Мароз італьянскай сям'ёй перададзена ў суд Генуі. Як паведамляе "Agenzia Giornalistica Italia", італьянскі бок пацвердзіў вінаватасць мужа і жонкі Алясандра Джуста і Марыі-К'яры Барначын, а таксама іх бацькоў і кіраўніка манастыра, дзе хавалі Віку. Паводле інфармацыі італьянскай прэсы, расследаванне абставінаў справы працягнецца. Абарона спадзяецца на тое, што Віка Мароз будзе запрошана ў суд у якасці сведкі. Нагадаем, што ў верасні 2006 года муж і жонка Алясандра Джуста і Марыя-К'яра Барначын, да якіх дзяўчынка некалькі гадоў прыязджала ў госці на летнія і калядныя канікулы, адмовіліся вяртаць яе ў Беларусь.

Яны сцвярджалі, што ў Вілейскім інтэрнаце, дзе выхоўвалася Віка, дзяўчынка зазнавала "фізічны і маральны гвалт". На працягу 20 дзён італьянская сям'я хавала дзяўчынку ў манастыры на поўначы Італіі. 27 верасня італьянская паліцыя знайшла Віку, а 30 верасня яна была дастаўлена спецыяльным авіярэйсам у Мінск.

Праз месяц дзяўчынку аддалі ў сям'ю Алены і Сяргея Васілеўскіх, дзе ўжо выхоўваўся старэйшы брат Вікі. Да гэтага брат і сястра не бачыліся некалькі гадоў. Дзеці сустрэліся дзякуючы ініцыятыве мужа і жонкі Джуста-Барначын: яны адшукалі італьянскую пару, у якой гасцяваў брат.

Сёлета ў італьянскай пары нарадзілася першае дзіця — сын Эмануэль.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі