Справа супраць вандалаў, якія ламалі крыжы ў Курапатах, пакуль не распачатая

У Бараўлянскім аддзеле Мінскага РУУС разглядаецца пытанне аб магчымасці распачынання крымінальнай справы ў сувязі з затрыманнем у Курапатах увечары 1 лістапада маладых людзей, падазроных у знішчэнні памятных крыжоў. Пастанова аб распачынанні крымінальнай справы або аб адмове ў ім будзе вынесена на працягу 10 дзён, гэта значыць да 11 лістапада.
У інтэрв'ю БелаПАН актывіст Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ мінчанін Аляксандр Макаў паведаміў, што 1 лістапада каля 22.00 разам з дэмакратычным актывістам Алегам Свірыдавым яны затрымалі ў Курапатах двух маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 20 гадоў. Апошнія, будучы ў нецвярозым стане, ламалі памятныя крыжы на алеі, якая вядзе ад Крыжа пакут да ўзгорку з мемарыяльным каменем "Ахвярам сталінізму".

Паводле яго слоў, адзін з затрыманых па мабільным тэлефоне выклікаў на месца здарэння сваіх бацькоў і пры гэтым заявіў, што неўзабаве прыбудзе яго бацька, прад'явіць сваю "корачку" (пасведчанне асобы) і вызваліць юнакоў. "Праз некалькі хвілін пасля тэлефоннай размовы прыехалі бацькі маладога чалавека, аднак яго бацька нічога нам не сказаў ні ва ўрочышчы, ні ў Бараўлянскім аддзеле міліцыі Мінскага РУУС, куды нас даставілі разам з затрыманымі юнакамі. Пасля давання паказанняў мы з Алегам Свірыдавым пакінулі аддзел міліцыі", - расказаў Макаў.

Даследчык тэмы сталінскіх рэпрэсій, кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў зазначыў, што за апошнія 10 гадоў у Курапатах мелі месца дзясяткі выпадкаў вандалізму. "Аднак крымінальная справа ў сувязі са здзекам над памяццю ахвяр сталінізму была распачата толькі аднойчы - восенню мінулага года, калі невядомыя знішчылі ва ўрочышчы больш за 30 крыжоў. Але і гэтая справа не завяршылася пакараннем злачынцаў, паколькі праваахоўныя органы не ўстанавілі імёны вандалаў", - сказаў вучоны.

Ён выказаў надзею, што цяпер, калі намаганнямі грамадскасці злачынцы былі затрыманыя на месцы вандалізму, яны панясуць заслужанае пакаранне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі