Сталі вядомыя нацэнкі ў мінскіх рэстаранах на чэмпіянат свету
Нацэнкі ў кавярнях і рэстаранах падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску не перавысяць 250% для ўстаноў катэгорыі люкс.
Абмежаванне нацэнак для рэстаранаў вышэйшай катэгорыі складзе 200%, першай — 150%, другой — 100% і 50% — для трэцяй катэгорыі, перадае Onliner.by.
Не ўпасці рэстаратарам тварам у салат заклікае і гарадскі агляд-конкурс на званне лепшага аб'екта грамадскага харчавання чэмпіянату свету па хакеі. Для папулярызацыі нацыянальных страў двойчы былі арганізаваныя Тыдні беларускай кухні. У выніку створаны пералік найбольш папулярных страў, якія будуць рэкамендаваныя для ўключэння ў меню падчас турніру.
Разам з тым, спецыялісты адзначаюць, што ў Мінску па-ранейшаму не хапае кавярняў, рэстаранаў і пабаў. Прырост сеткі аб'ектаў грамадскага харчавання за апошнія пяць гадоў склаў усяго 8%.
Фота — interfax.by