Старшыня Брэсцкага гарвыканкама назваў АКБ "гемароем для горада"

 Старшыня Брэсцкага гарвыканкама назваў АКБ "гемароем для горада"

Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук назваў акумулятарны завод "Ай-Пауэр" "самым вялікім гемароем" для горада і пракаментаваў рашэнне абласных уладаў прыпыніць будаўніцтва прадпрыемства. Сваё стаўленне да гэтага праекта ён выказаў 19 чэрвеня на сустрэчы з кіраўніцтвам "Брэстгазаапарата", піша "Салідарнасць".

Рагачук адзначыў, што вакол завода ўзнікла надзвычай непрыемная сітуацыя. Паводле кіраўніка горада, інвестар увёў у зман мясцовыя ўлады і запэўніў, што праект будзе адпавядаць усім параметрам бяспекі, у тым ліку экалагічнай.

Калі ж будаўніцтва фактычна завяршылася і пачаліся пусканаладачныя працы, Дзяржаўная экалагічная экспертыза тройчы рабіла замеры і тройчы фіксавала значныя перавышэнні заяўленых нормаў, у тым ліку па выкідах свінца. Замест запраектаваных 3 кг на год атрымлівалася 340 кг.

Каб выправіць гэтыя парушэнні, інвестару давядзецца або вярнуцца на ўзровень праектавання, або шукаць новыя тэхналагічныя рашэнні.

"Але ўводзіць у зман грамадскасць і прадстаўнікоў улады не трэба, атручаць экалогію нашага горада і Брэсцкага раёна — тым больш. Экалогія — гэта святое, — сказаў Аляксандр Рагачук. — Не трэба рабіць з нас папуасаў і даводзіць адваротнае".

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі