Стася: Лёгка памяняю перамогу на “Еўрабачанні” на “Рок-Карону”!

Напярэдадні фінала “Еўрафэсту” ў студыю Еўрарадыё завітала Стася — лідэрка гурта “По глазам” і распавяла пра сэнс песні “Дзяўчына 3000 гадоў”, падзялілася сваімі думкамі наконт Рок-каранацыі і адкрыла сакрэт чалавечай “вар’яцінкі”… Нашая песня самая канкурэнтаздольная ў Еўропе. Гэта калі параўноўваць з іншымі варыянтамі ад Беларусі

ЕРБ: Стася, у панядзелак усё адбудзецца: пройдзе фінал "Еўрафэсту". Спадзяюся, вы настроеныя на перамогу?

Стася: Не!.. Ну, так... Ну, канешне, мы настроеныя на перамогу! Для нас выступ – гэта заўсёды перамога, заўсёды свята. Аднак нейкіх пафасных рэчаў я табе не раскажу...

ЕРБ: Ці ёсць у вас рэальныя шанцы?

Стася: Безумоўна ёсць, таму што нашая песня — самая канкурэнтаздольная ў Еўропе. Гэта калі параўноўваць з іншымі варыянтамі ад Беларусі.

Руслан Аляхно?.. Мне больш Red Hot Chili Peppers падабаецца!

ЕРБ: Як ты ацэньваеш песні вашых канкурэнтаў? Напрыклад, таго ж Руслана Аляхно?

Стася: Правакацыйнае пытанне... Мне больш Red Hot Chili Peppers падабаецца!

ЕРБ: Ці будуць нейкія “фішачкі” падчас выступу ў фінале ад гурта “По глазам”? Што-небудзь накшталт тваёй кароценькай спадніцы ў паўфінале?

Стася: Я б хацела, каб усё засталося для ўсіх невядомым ажно да самога фіналу.

ЕРБ: Твая сукенка са сцягамі розных краінаў неяк сведчыць пра тваё стаўленне да жыцця?

Стася: Так, гераіня маёй песні “Дзяўчына 3000 гадоў” – касмапалітка. Яна жыхарка ўсяго свету, для яе не існуе межаў. Таму і сцягі на сукенцы – сімвал касмапалітызму маёй гераіні.

ЕРБ: Творчасць каго з пераможцаў “Еўрабачання” табе імпануе? Я маю на ўвазе “АВВА”, Руслану, “Lordi”...

Стася: Мне спадабаўся выступ Русланы: вельмі эфектна атрымалася. “Lordi” – я не бачыла іх выступ, аднак мяне вельмі ўразіла тое, што яны занялі першае месца. Да іх перамогі я думала, што “Еўрабачанне” – вельмі папсовы конкурс. Што тычыцца “АВВА” – акрамя таго, што гэта унікальнае адкрыццё “Еўрабачання”, і дадаць няма чаго!

ЕРБ: Што, на тваю думку, дае нашай краіне ўдзел у “Еўрабачанні”?

Стася: Я думаю, што надыйшоў час паказаць Еўропе, што Беларусь — сапраўды спеўная краіна. Прычым здольная нават даць некалькі “фішак” і старой Еўропе, і Англіі дый усім астатнім!

Паездка ў Бялград ці “Рок-карона”?

ЕРБ: Дзеля перамогі ты выйшла б на сцэну аголенай?

Стася: Я не той чалавек, які дасягае сваіх мэтаў усімі сродкамі. Я выбіраю больш вартыя спосабы дасягнення пастаўленых мэтаў. Да таго ж гэта не порнаконкурс!

ЕРБ: Тут у Беларусі рыхтуецца яшчэ адна важная музычная падзея пад назвай “Рок-Каранацыя”. Што для цябе было б важней: перамагчы на “Еўрабачанні” ці атрымаць “рок-карону”?

Стася: У мяне склалася такое адчуванне, што мне ніколі не дадуць “рок-карону”, бо назаўжды запісалі ў папсу нашыя мясцовыя рокеры. Хаця я абедзвюма рукамі за рок-музыку. Проста, можа, я не такая нудная і негатыўная, як некаторыя нашыя беларускія рок-гурты. Я лічу, што я заслужыла “рок-карону”...

Людзі баяцца вар’яцінкі... А дарма!..

ЕРБ: Наколькі актуальная вашая музыка ў Беларусі? Шмат хто лічыць, што вы нейкія звар’яцелыя...

Стася: Гэта калі лічыць па першым альбоме. Мы пастаянна эксперыментуем з песнямі і з аранжыроўкамі. Як толькі скончыцца гэта гісторыя з “Еўрабачаннем”, мы сядзем за запіс другога альбома, які будзе больш сталым і адэкватным.

ЕРБ: Неяк ты сказала, што ў нас людзі баяцца вар’яцінкі.... А чаму?

Стася: Таму што вар’яцінка – гэта нешта такое невядомае. А ў чалавека па прыродзе існуе страх перад невядомым. І таму ён псіхалагічна гэтага палохаецца. А дарма...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі