Студэнтам адмаўляюць у адраснай сацыяльнай дапамозе

Камісія, якая будзе вырашаць даваць адрасную дапамогу ці не, ужо складаецца з 12 чалавек. Два дні таму называлася іншая лічба – 3 чалавекі.
Журналіст Еўрарадыё разам са студэнткай факультэта журналістыкі БДУ Аленай паспрабавалі атрымаць адрасную падтрымку ва ўпраўленні сацыяльнай абароны Маскоўскага раёна Мінску, але дзяўчыне адмовілі. Паводле закону, кожнаму іншагародняму студэнту дзяржава павінна даплаціць… яшчэ адну стыпендыю — да бюджэту пражытковага мінімуму (185.670 рублёў). Калі два тыдні таму ўпраўленні сацыяльнай абароны былі гатовыя прыняць студэнтаў, то сёння яны “пераводзяць стрэлкі” на навучальныя ўстановы.

Алена: Я студэнтка, жыву на стыпендыю, якая складае 135 тысяч.
Супрацоўніца: Звяртайцеся ў навучальную ўстанову. Для студэнтаў гэтая адрасная дапамога не прадугледжана. Яна можа быць прызначана студэнту толькі ў складзе сям’і. Адрасная дапамога прызначаецца па месцы жыхарства бацькоў. Асобна студэнту не прызначаецца.
Алена: Нягледзячы на тое, што мне ўжо ёсць 18 гадоў і я лічуся самастойным чалавекам?
Супрацоўніца: Нягледзячы ні на што. Студэнты, гэта сказана ў дакуменце, разглядаюцца ў складзе сям’і.

Начальнік упраўлення сацыяльнай абароны Вольга Сцяпанава кажа Еўрарадыё, што Алена стала першай студэнткай, якая звярнулася па сацыяльную дапамогу. Адказ сваёй супрацоўніцы яна лічыць правамерным: у пачатку студзеня распрацоўшчыкі гэтага ўказа праводзілі інструктаж і сказалі, што студэнты не лічацца самастойнымі членамі сям’і.

Вольга Сцяпанава: Калі хоча, хай піша заяву да нас, і камісія з 12 чалавек разгледзіць яе пытанне.
Еўрарадыё: Камісія прыйдзе проста ў пакой інтэрната?
Вольга Сцяпанава: Канешне, яны ж павінны паглядзець, як яна жыве?
Еўрарадыё: Калі ў пакоі будзе стаяць камп’ютар, тады студэнту прыйдзецца забыцца пра адрасную дапамогу?
Вольга Сцяпанава: Я не магу вам сказаць дакладна. Гэта будзе рашаць камісія.

У прафсаюзе БДУ былі здзіўлены, што ім прыйдзецца аказваць матэрыяльную падтрымку, і адзначылі, што нават не ва ўсіх універсітэтах існуюць такія камісіі.


Галоўная ўмова атрымання дапамогі прапісана ў законе: “Штомесячная сацыяльная дапамога выдаецца сем’ям і грамадзянам, якія пражываюць асобна або вядуць раздзельную гаспадарку, пры ўмове, калі іх сярэднедушавы даход па аб’ектыўных прычынах не перасягае 100% найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму”.

Такім чынам, студэнт, якому споўнілася 18 год і які жыве асобна ад сваіх бацькоў (напрыклад, у інтэрнаце), можа смела несці дакументы ва ўпраўленне сацыяльнай абароны. Аднак далей напісана: “Памер штомесячнай сацыяльнай дапамогі на кожнага члена сям'і, уключаючы кожнага студэнта (навучэнца) незалежна ад месца яго вучобы, а таксама на грамадзяніна, які пражывае асобна альбо вядзе асобную гаспадарку…”

Атрымліваецца, што два пункты супярэчаць адзін аднаму: студэнт адначасова лічыцца самастойным чалавекам, але пры гэтым уваходзіць у склад сям’і сваіх бацькоў. Па тлумачэнне Еўрарадыё звярнулася ў юрыдычную кансультацыю.

Юрыст: Бачыце, дзве ўмовы ідуць разам, таму яны могуць лічыць па-рознаму. Калі б не было другога пункта, тады можна было б паспрачацца. Разумееце, так яны выключылі студэнтаў.

Аднак гэты ўказ не можа вызначаць, хто з’яўляецца членам сям’і, а хто не. У аддзяленні перапісу насельніцтва Міністэрства статыстыкі Еўрарадыё сказалі, калі бацькі і студэнт прапісаны па розных адрасах, то аб’ядноўваць іх у адзіную сям’ю нельга. Кожны з іх з’яўляецца асобным членам хатняй гаспадаркі.

Еўрарадыё: Лічыцца, што студэнт, які пражывае асобна, вядзе асобную гаспадарку?
Упраўленне перапісу насельніцтва: Калі ён жыве асобна, забяспечвае сябе неабходным, мы разглядаем яго як асобную хатнюю гаспадарку, а значыць, і сям’ю. Менавіта такой тэрміналогіяй мы карыстаемся ў падрыхтоўцы перапісу насельніцтва, які пройдзе ў 2009 годзе.

Еўрарадыё вырашыла высветліць, як жа тлумачаць гэты ўказ ва ўпраўленні сацыяльнай абароны ў Старых Дарогах Мінскай вобласці. Аказалася, што студэнт з часовай мінскай прапіскай уваходзіць у склад сям’і.

Супрацоўніца: Мы будзем улічваць яго стыпендыю, заробак бацькоў і іншы прыбытак. Ён не можа лічыцца самастойным, бо яго фундуюць бацькі. Ён жа не жыве на свой заробак. Вось калі б гэта была маладая студэнцкая сям’я, тады мы б іх не прыпісвалі да бацькоў.

Ніхто не можа даць 100% гарантыю, што адрасная дапамога будзе аказана ўсім, хто па яе звернецца. Нават калі вы патрапляеце пад патрэбную катэгорыю, то камісіі з 12 чалавек прыйдзецца даказаць, што вы жывяце на ўласны заробак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі