Студэнты ЕГУ пратэставалі ў Вільні супраць выказванняў Грыбаўскайтэ

12 лістапада на плошчы Даўкантаса ў Вільні студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта правялі стыхійную акцыю пратэсту. Нагодай сталі выказванні літоўскага прэзідэнта Далі Грыбаўскайтэ ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.
Нагадаем, СМІ распаўсюдзілі прыватнае выказванне Грыбаўскайтэ пра тое, што перамога Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах забяспечыць стабільнасць Беларусі і абмяжуе ўплыў Расіі ў гэтай краіне.

Як паведаміў БелаПАН, беларускія студэнты, якія навучаюцца ў Літве, былі здзіўленыя такімі выказваннямі і вырашылі правесці акцыю пратэсту. Яе ўдзельнікі — пяць студэнтаў — трымалі плакаты, на якіх па-літоўску было напісана: "Мы такой стабільнасці не жадаем", "Спадарыня Даля, гэта праўда?", "Няўжо рэальная палітыка перамагла чалавечую?" і "Няўжо дэфіцыт гандлёвага балансу ператвараецца ў дэфіцыт каштоўнасцяў?". Каля адміністрацыі прэзідэнта ўдзельнікі акцыі прастаялі з плакатамі каля 15 хвілінаў.

Студэнты ЕГУ плануюць дамовіцца з літоўскімі дэмакратычнымі, няўрадавымі арганізацыямі пра больш сур'ёзную акцыю і атрымаць каментар ці тлумачэнне ад літоўскага прэзідэнта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі