Суд над "беларускім шпіёнам" у Літве пачнецца ў студзені 2015-га
Яму пагражае да 15 гадоў зняволення.
У другой палове студзеня 2015 года Віленскі акруговы суд плануе пачаць разгляд крымінальнай справы аб шпіянажы, паведамляе ru.delfi.lt. Падазроным у справе з'яўляецца былы супрацоўнік літоўскага дзяржпрадпрыемства Oro navigacija.
На разгляд суда перададзеныя сем тамоў справы. У іх 1300 дакументаў і 26 носьбітаў з рознымі відэа- і аўдыязапісамі.
Паводле дакументаў справы, грамадзянін Літвы Р.Л. абвінавачваецца ў шпіянажы супраць Літоўскай Рэспублікі па заданні спецслужбаў Беларусі.
Раней паведамлялася, быццам мужчына ў сваім кабінеце таемна фатаграфаваў дакументы і іншыя аб'екты ды перадаваў іх галоўнаму разведвальнаму ўпраўленню Генштаба Узброеных сіл Беларусі. У Літве падазраюць, што ён збіраў і перадаваў інфармацыю пра Узброеныя сілы Літвы, іх падраздзяленні, дзяржпрадпрыемствы, аб'екты, якія маюць стратэгічнае значэнне для нацыянальнай бяспекі Літвы.
Разам з тым калегі затрыманага казалі ў літоўскіх СМІ, што мужчына не меў доступу да дакументаў, бо фактычна працаваў электрыкам.
Мужчыну затрымалі год таму, яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Фота — gorod.lv