Свіная чума давяла мясакамбінаты да вялізных стратаў

“Любы мясакамбінат цяпер вам скажа, што адгрузкі свініны цяпер зменшыліся. У параўнанні з мінулым годам. І зменшыліся прыкладна на 40%, практычна напалову”, - расказваюць Еўрарадыё ў Аддзеле знешняга гандлю Бабруйскага мясакамбіната.

Прычынай адсутнасці свініны называюць свіную чуму, што лютавала ў Беларусі ў мінулым годзе. У выніку па краіне вынішчаюць каля 500 тысяч свіней, каўбасы рабіць няма з чаго, пастаўкі ў Расію скарачаюцца, прыток валюты таксама. Апошні ўдар па мясакамбінатах – забарона ўвозіць свініну з Польшчы, дзе таксама фіксуецца АЧС.

Таму адмоўнае лідарства мясакамбінатаў у спісе самых стратных прадпрыемстваў краіны, складзеных агенцтвам “Бізнэс навіны”, зусім не дзівіць. Першае месца ў спісе займае мясакамбінат з Барысава. У 2013 годзе прадпрыемства панесла больш за 250 мільярдаў стратаў. Гэта ў пяць разоў больш, чым у 2012 годзе, які для прадпрыемства таксама выдаўся не найлепшым. На пятай пазіцыі – сумна вядомы Слуцкі мясакамбінат. Яго страты ў мінулым годзе складаюць больш за 130 мільярдаў рублёў. На 9-й пазіцыі мясакамбінат са Жлобіна з амаль 100 мільярдамі стратаў. Радком замыкаюць рэйтынг мясакамбінаты Бабруйска, Калінкавіч, Гомеля, Глыбокага, Оршы. У іх гадавыя страты склалі ад 74 да 61 мільярда. Прычым у 2012 годзе мясакамбінаты Глыбокага, Калінкавіч і Гомеля былі ў плюсе і стратаў не мелі.

Аднавіць пагалоўе свіней у Беларусі намеснік міністра сельскай гаспадаркі Васіль Седзін абяцае толькі ў наступным годзе. Гэта значыць, што на былыя аб’ёмы беларускія мясакамбінаты выйдуць у лепшым выпадку пад канец 2015-га. Ці атрымаецца захаваць да таго часу страчаныя рынкі – вялікае пытанне.

Тым часам на Слуцкім мясакамбінаце, які нядаўна гэтак знішчальна наведаў кіраўнік краіны, Еўрарадыё расказалі пра аднаўленне працы “ў поўным аб’ёме”.

“Адразу не ўсе цэхі працавалі, але цяпер, па-мойму, ужо напоўніцу. Але рамонтныя працы працягваюцца”.

Праблемы са свінінай адчуваюць не толькі мясакамбінаты, але і грамадзяне краіны. У Мінску цана кілаграма добрага мяса дасягнула нават 160 тысяч рублёў. Калі пашанцуе яго знайсці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі