Сяргей Гладышаў ледзь не паўтарыў гісторыю з фільма "Іронія лёсу"

Гісторыя, накшталт расказанай у фільме “Іронія лёсу, альбо З лёгкай парай”, здарылася днямі ў Бабруйску. Дзверы ў кватэру адамкнёныя, у вітальні акуратна пастаўлены мужчынскі абутак, а на канапе спіць незнаёмы мужчына.

Такую карціну пабачыла 34-гадовая Анжэла Таркан, калі тэрмінова прыехала дамоў. Выклікала яе ўзрушаным тэлефанаваннем і паведамленнем, што дзверы яе кватэры адчыненыя і там ёсць хтосьці незнаёмы, суседка па лесвічнай пляцоўцы.

Анжэла жыве ўдваіх з сынам-падлеткам, і першай яе думкай было, што кватэру хацелі абрабаваць.

Анжэла Таркан: “Адразу ўзніклі два варыянты здарэння. Першы, што нейкі няўдачлівы алкаш хацеў мяне абакрасці, пабачыўшы слабенькія дзверы, і выпадкова заснуў.

Але калі мы разгледзілі мужчыну бліжэй, то ён аказаўся даволі сімпатычным, быў добра апрануты. Таму прыйшлі да высновы, што ён ўсё ж не туды патрапіў. Але было адчуванне зламаных дзвярэй”.


Менавіта гэтае адчуванне прымусіла гаспадыню кватэры выклікаць міліцыю. Як расказала карэспандэнту “Еўрапейскага радыё” спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Бабруйскага гараддзела міліцыі Таццяна Гарбанюк, міліцыянты патрульна-паставой службы і мясцовы ўчастковы былі на месцы здарэння праз дзесяць хвілінаў.

Таццяна Гарбанюк: “Сапраўды, дзверы кватэры былі адчыненыя, у вітальні акуратна пастаўленыя пантофлі, а на канапе добра нападпітку спіць мужчына. Міліцыянеры пачалі яго будзіць. Той жа, у сваю чаргу, пачаў абурацца і пытацца, што яны робяць у яго кватэры”.

Дабіцца ад нецвярозага мужчыны тлумачэнняў, якім чынам ён патрапіў у кватэру, было немагчыма. Акрамя таго, замок у дзярах выглядаў так, нібыта яго ламалі. Дадаткова выклікалі аператыўную групу па пранікненні з узломам пабочнай асобы.

І толькі калі адзін з аператыўнікаў здагадаўся адамкнуць замок ключамі “няпрошанага госця”, стала зразумела, як ён увайшоў. Невялікія пашкоджанні ўзніклі пасля таго, як мужчына спрабаваў замкнуць дзверы знутры, але замок чамусьці не спрацоўваў.

Госця нарэшце дабудзіліся. Далейшыя падзеі Анжэла Таркан дагэтуль не можа ўзгадваць без смеху.

Анжэла Таркан: “Яго вывелі на лесвічную пляцоўку і спрабавалі дапытацца прозвішча. Ён доўга на нас глядзеў, потым з выглядам “Стаміўся я ад вас, разбярыцеся без мяне”, развярнуўся і, зачыніўшы перад усімі намі дзверы, пайшоў спаць. Потым у яго пытаюцца, дзе ён жыве. “Тут”, — адказвае. “З кім?” — “З жонкай”.

“Гэта ваша жонка?” — паказваюць на мяне. Ён паглядзеў на мяне і, відавочна, што не вельмі падыходжу, але пагадзіўся. Каб толькі яго не турбавалі і далі спакойна паспаць”.


Урэшце ў мужчыны знайшлі нататнік, па якім даведаліся прозвішча госця і тэлефонны нумар ягонай жонкі. Як высветлілася, Сяргей Гладышаў з сям’ёй жывуць у суседнім доме, куды пераехалі зусім нядаўна. Дамы стаяць побач і падобныя адзін да аднаго. Праз некалькі хвілінаў жонка прыйшла па свайго мужа.

Па словах гаспадыні кватэры, найбольш жанчыну абурыла тое, што ключ ад іх вельмі дарагога замка падыйшоў да таннага замка ў дзвярах Анжэлы.

Сяргей Гладышаў узгадваць сваю “іронію лёсу” адмовіўся.

Сяргей Гладышаў: “Давайце не будзем пра гэта гаварыць. Мне вельмі непрыемна”.

Як паведаміла супрацоўніца гараддзела міліцыі Таццяна Гарбанюк, крымінальную справу вырашылі не распачынаць.

Таццяна Гарбанюк: “Вырашылася пытанне само сабой. Не будзеш жа, насамрэч, распачынаць справу, калі чалавек сп’яну патрапіў не туды. Усё абыйшлося нармалёва”.

Падчас нашай размовы з Сяргеем Гладышавым было чуваць, што мужчына і гэтым разам нецвярозы. Такім чынам, Анжэле Таркан хацелася б параіць, каб яна не вельмі здзіўлялася, калі ізноў знойдзе яго на сваёй канапе. Дарогу ў яе кватэру ён ужо ведае, а замок яна пакуль не замяніла.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі