Таццяна: Мяне не пусцілі ва Украіну, бо забылі выключыць са спісу невыязных

Спіс невыязных абнаўляецца кожны дзень, але па нядбайнасці чыноўнікаў з яго часам забываюць выключаць людзей. Брэстаўчанка Таццяна расказала Еўрарадыё, што два тыдні таму яе не выпусцілі памежнікі. Яна разам з сяброўкай збіралася ехаць ва Украіну на рынак, але на мяжы жанчына дазналася, што невыязная.

Таццяна: Для мяне спачатку гэта было шокам. Усе дакументы ў мяне былі ў парадку. З нашага боку мяжы мяне завярнулі і сказалі, што нешта не ў парадку з дакументамі. Ну, мне далі параду звярнуцца ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі. Я звярнулася, і сказалі, што ёсць запіс, што я калісьці, паўтара года таму, праходзіла як сведка бойкі, і гэтыя звесткі там не выцерлі. Прасілі прабачэння і абяцалі, што ўсё ўладзяць.

У аддзеле па міграцыі Таццяне сказалі, што гэта проста памылка, і папрасілі пачакаць, пакуль не выправяць да канца. Грошы за білет жанчыне, канешне ж, не вярнулі. Брэстаўчанцы пашанцавала толькі ў тым, што яна не ехала на адпачынак па пуцёўцы, інакш уляцела б на кругленькую суму.

Начальнік паста Малец памежнага перахода “Варшаўскі мост” Еўрарадыё прызнаўся: за студзень было некалькі выпадкаў, калі людзей па нядбайнасці не выключалі са спісу, і яны вярталіся дамоў.

Малец: Калі будзе памылка, тады гэта не будзе памылкай памежнікаў, таму што гэта спісы МУС . Ці былі яны памылковымі - мы ж іх не кантралюем. Калі ён будзе ў камп’ютары, нават калі гэта нечая памылка, усё роўна памежнікі не прапусцяць.
Еўрарадыё: Гэта ж не адзінкавы выпадак, правільна?
Малец: Ну, колькасць я вам не скажу. Ёсць, але няшмат.

Намеснік начальніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун спачатку сцвярджаў Еўрарадыё, што ніякіх памылак у спісе невыязных быць не можа, але пасля прыведзенага прыкладу прызнаўся, што база вялікая, таму і могуць быць нейкія хібы. Адзіная рэкамендацыя, каб не трапіць у такую абсурдную сітуацыю, – загадзя звярнуцца ў аддзел міграцыі.

Бягун: Я не магу так сказаць: па памылцы. Людзі па памылцы туды не трапляюць, яны проста не выключаюцца са спісу. Не выключаюцца па нядбайнасці: нехта не даслаў нейкія звесткі, у адносінах таго, што крымінальная справа была прыпынена, ён быў амніставаны. Вось гэтыя звесткі ў банк даных не трапілі. Таму, калі ён паехаў, выявілася, што ён у спісе.
Еўрарадыё: А дзе гарантыя, што гэты спіс пракантралююць і ты не патрапіш у такую сітуацыю?
Бягун: Трэба проста звяртацца грамадзянам, у якіх былі нейкія непрыемнасці з законам, якія нешта калісьці парушалі, тады хай яны персанальна цікавяцца да свайго выезду: ёсць яны ў банку ці не?

Намеснік начальніка прэс-службы МУС Алег Слепчанка так і не змог адказаць на пытанне Еўрарадыё, чаму база спраўна павялічваецца, а вось выкрэсліваюць старыя звесткі не заўсёды. Ён не бачыць нічога страшнага ў тым, што атрымліваюцца такія накладкі.

Слепчанка: Ну і што? Пасля ж выпусцяць. На пачатковым этапе, калі фарміравалася база, гэта ж даволі аб’ёмны кавалак працы, недзе і былі недаправераныя людзі. Гэта ж не ўсюды так, а адзінкавыя выпадкі.

Юрыст з гарадской калегіі адвакатаў расказаў Еўрарадыё: у сітуацыі, калі вас забылі выкрасліць са спісу невыязных, а вы ўжо купілі білет і пуцёўку, адстаяць свае правы ў судзе будзе проста нерэальна, бо на такое парушэнне ўвогуле не прадугледжана пакаранне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі