Топ-5: навіны 13 сакавіка
У Оршы і Брэсце прайшлі суды над удзельнікамі акцый пратэсту
У Оршы і Брэсце прайшлі суды над удзельнікамі “маршу недармаедаў”. Так, палітык Павел Севярынец атрымаў 15 сутак арышту за ўдзел у аршанскай акцыі пратэсту супраць дэкрэта №3, якая прайшла ў нядзелю.
А ў Брэсце траіх анархістаў паўторна асудзілі на 5 сутак за брыдкаслоўе. Паводле пратаколу, хлопцы нібыта пачалі лаяцца, калі выходзілі з пяцісутачнай адседкі за мінулы "марш недармаедаў".
Агулам, па ацэнках праваабаронцаў, за апошнія 10 дзён у Беларусі за ўдзел у акцыях пратэсту затрымалі больш за 70 чалавек.
Зміцер Дашкевіч пасля вызвалення з СІЗА патлумачыў, чаму за акцыю пратэсту ў Курапатах ён атрымаў толькі трое сутак арышту. Па словах актывіста, гэта звязана з лібералізацыяй, бо ў папярэднія гады за падобныя дзеянні ён мог бы апынуцца за кратамі і на тры гады.
Адзначым, што ў панядзелак стала вядома, што Змітра Дашкевіча на 2 гады пазбавілі правоў кіроўцы. Прычынай стала тое, што актывіст, нібыта, наехаў на нагу прыстава, калі спрабавалі апісаць яго аўтамабіль.
У Мінску затрымалі анархіста Вячаслава Касінерава, які накінуў удаўку на шыю помніку гарадавому па вуліцы Гарадскі Вал. Актывіста арыштавалі на 15 сутак. Акрамя таго, па інфармацыі праваабаронцаў, на маладога чалавека распачатая крымінальная справа за псаванне помніка.
У Беларусі створаць умовы для выкарыстання беспілотных аўтамабіляў. Такую ідэю падтрымаў Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта распавёў IT-эксперт Віктар Пракапеня, кампанію якога сёння наведаў кіраўнік дзяржавы.
Па словах Пракапені, Аляксандр Лукашэнка не проста падтрымаў гэтую ідэю, а нават пагадзіўся сам праехаць на такім аўтамабілі, калі гэта будзе магчыма".
Бізнэсовец мяркуе, што Беларусь можа стаць адной з першых краін, якая падтрымае развіццё сферы беспілотных аўтамабіляў. На яго думку, такія машыны ўжо бліжэйшым часам з'явяцца на дарогах нашай краіны.
Вядомая піяршчыца Аляксандра Рогач распавяла на сваёй старонцы ў Facebook, як заплаціла таксісту 63 рублі за 10 кіламетраў дарогі. Таксіст-прадпрымальнік Аляксандр Стахоўскі ўсталяваў некалькі тарыфаў для пасажыраў. Самы дарагі з іх — 5,5 рубля за кіламетр.
Па словах кіроўцы, каб быць прыбытковым, яму дастаткова аднаго такога пасажыра, як Саша Рогач, у дзень. Але такія тарыфы — гэта акцыя для прыцягнення ўвагі да праблемаў таксістаў.